Кіраўніку Брэсцкай абласной ДАІ ўручылі Правілы дарожнага руху па-беларуску
Палкоўнік Сумар гаварыў на беларускай мове і паскардзіўся на недахоп грошай.
Ад імя Таварыства беларускай мовы правілы новаму кіраўніку Брэсцкай абласной Дзяржаўтаінспекцыі перадаў ветэран арганізацыі Васіль Барболін. Вось што ён распавёў пра свой візіт:
"Вынік візіту станоўчы. Мэтай было перадаць Андрэю Канстанцінавічу Сумару Правілы дарожнага руху, перакладзеныя на беларускую мову, каб жыхары Брэстчыны маглі здаваць экзамены на іх на роднай мове і тым самым скарыстацца з свайго Канстытуцыйнага права гаварыць на роднай мове".
Са словаў Васіля Барболіна, кіраўнік ДАІ гаварыў з ім па-беларуску. Паставіўся да праекта ТБМ добра, але выказаў песімізм, што да тэрмінаў поўнавартаснага ўжытку беларускай мовы ў побыце ДАІ. Маўляў, на гэта патрэбныя вялікія грошы.