Ксюша Дзягелька: У мяне ёсць міні-спаднічка, але я яе даўно не апранала!

Аўтар песні “Я из деревни”: Патрыятызм мусіць ісці нага ў нагу з модай!

"Я из деревни" Ксеніі Дзягелька: рынгтоны ад Еўрарадыё

Тэкст песні і звесткі пра Ксюшу Дзягелька

Еўрарадыё пазнаёмілася з Ксюшай Дзягелька ― школьніцай з Акцябрскага, якая ў шматкі падрала байнэт кліпам “Я з вёскі”. Ксюша без ваганняў адказала на ўсе нашыя пытанні.

Ксюша Дзягелька: “З гэтым кліпам я збіраюся ехаць 25 красавіка ў Мазыр на конкурс “Я ― лідар”. Да конкурса мы і зрабілі гэтае відэа. Аўтар тэкста ― Павук Андрэй, не памятаю, як там яго па-бацьку. Ён вядзе гурток у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Там мы і здымалі кліп”.

Пра тое, каб падаць заяўку на ўдзел у дзіцячым “Еўрабачанні”, дзяўчынка яшчэ не думала. Але пасля таго, як яе кліп з’явіўся ў інтэрнэце, абяцае падумаць пра гэта. Дарэчы, Ксюша не ведае, хто зрабіў яе зоркай Байнэта:

“Відаць, гэта нехта з гуртка выклаў. Бо я сама не вылажывала”.

У песні “Я из деревни” Ксюша заклікае забараніць цыгарэты, алкаголь і міні-спаднічкі.

“Паліць я ніколі не спрабавала. Хаця і ёсць у класе некаторыя, якія паляць, для мяне гэта агідна, ― тлумачыць сваю пазіцыю Ксюша. ― А адна міні-спаднічка ў мяне ёсць, але я даўным-даўно яе апошні раз апранала. Зараз яна ляжыць у шафе, і я пра яе амаль забылася. Бо ў мяне прынцыпы! Я аддаю перавагу спадніцам да калена і сукенкам, а ўсё адзенне набываю з мамай”.

Хобі дзяўчынкі ― музыка і маляванне.

Ксюша Дзягелька: “З беларускіх артыстаў мне вельмі падабаецца Ірына Дарафеева. А з замежных… Ну, калі мне спадабаецца музыка, я яе слухаю. Малюю ўсё, што мне падабаецца. У мяне дома ёсць нават масляныя карціны, якія я малявала сама. А вось граць на музычных інструментах пакуль што не спрабавала. Затое ў мяне ёсць аднакласнікі, з якімі мы збіраемся паспяваць, і там жа можна паспрабаваць граць”.

На сцяне дзяўчынцы ў “вКонтакте” новыя запісы з’яўляюцца кожную хвіліну. А крыху вышэй напісана, што Ксюша валодае рускай і беларускай мовамі. Еўрарадыё папрасіла расказаць вершык па-беларуску:

“Калі шчыра, нешта забылася зараз на усе вершы па-беларуску… А так… я не скажу, што я на беларускай мове размаўляю добра. Але я яе ведаю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі