“Купалы паўсюль шмат, а Якуб Колас колькасцю манументаў не пахваліцца"
Плану святкавання юбілеяў Купалы і Коласа дагэтуль няма. Але гэта сакрэт!
“Кожнаму ведамству, міністэрству даручана зрабіць свой галіновы план, на які потым будзем абапірацца”, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік Упраўлення устаноў культуры Мінкульта Вадзім Шчэрбін, адказны за падрыхтоўку святкаванняў.
Святкаваць 130-годдзі класікаў на дзяржаўным узроўні было вырашана яшчэ ў мінулым годзе. У лістападзе кіраўнік краіны нават падпісаў адпаведны указ. Ён вызначыў склад камісіі па святкаванні. Яе кіраўніком прызначылі намесніка прэм’ера Анатоля Тозіка, а разам з ім у склад камісіі ўвайшлі кіраўнікі музеяў Купалы і Коласа, чыноўнікі Мінкульта і нават Мікалай Чаргінец. А вось пра самі святочныя мерапрыемствы ва указе амаль нічога няма.
2 сакавіка камісія сабралася, каб абмеркаваць святкаванне. Аднак журналістаў туды не пусцілі. Аказалася, што кіраўнік камісіі намеснік прэм’ера Анатоль Тозік вырашыў адправіць план на дапрацоўку. Кіраўнічка музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская расказвае Еўрарадыё, што для яе установы найлепшы падарунак да юбілею — добраўпарадкаванне тэрыторыі. Хадзіць у музей проста небяспечна.
“Я асабіста звярталася з канкрэтным вострым для нас пытаннем. Не першы юбілей мы сустракаем. Падымалася пытанне і да 120-годдзя, і да 125-годдзя і зараз уздымаецца пытанне добраўпарадкавання тэрыторыі каля нашага музея”.
Акрамя нармальнага пад’езду да музея Якуба Коласа, яго супрацоўнікі просяць паставіць ля ўваходу невялікі помнік. Кажуць, што Купалы паўсюль шмат, а вось Якуб Колас вялікай колькасцю манументаў пахваліцца не мог бы.
“Мы таксама хочам устанавіць скульптурную кампазіцыю “Роздум”. Яна б стаяла – гэта мая асабістая мара і нашага калектыву — каля дрэваў, якія Якуб Колас пасадзіў асабіста, прыехаўшы пасля вайны ў Мінск”.
У музеі Янкі Купалы пра агульны план святкаванняў таксама пакуль гаварыць не бяруцца. Расказваюць пра свой уласны. Толькі святкаванні сёлета супадаюць з Днём незалежнасці.
“Галоўныя мерапрыемствы, зразумела, пройдуць у Дзень нараджэння Янкі Купалы і непасрэдна перад ім. Гэта наша традыцыйнае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў – “З адной думкай аб шчасці Беларусі”. Яно пройдзе ў Вязынцы. На жаль, пакуль я не магу вам сказаць дакладную дату. Гэтае свята адбываецца ў першыя выходныя ліпеня. Але сёлета там будуць дзяржаўныя святы і пакуль яшчэ не вызначана”, — расказвае кіраўнічка музею, Алена Мацевасян.
Але галоўным падарункам Купалу на юбілей будзе новая экспазіцыя. Старая не змянялася амаль 30 (!) гадоў.
“Асноўнае, што мы робім – гэта ствараем новую экспазіцыю. Наша старая была створаная ў 1976 годзе і за гэты час было толькі некалькі зменаў”.
Музейшчыкі плануюць і шмат іншых, больш дробных мерапрыемстваў. Абяцаюць замежныя выставы. Будзе і сумесны праект – сёлета акурат спаўняецца 100 гадоў з першай сустрэчы Коласа і Купалы. Аднак шмат што залежыць не ад саміх музейшчыкаў, а ад мясцовых уладаў. Яны свае планы пакуль толькі прапрацоўваюць.