Курс долара ў інтэрнэт-крамах падняўся да 3800

Еўрарадыё вырашыла даведацца, наколькі валютны дэфіцыт паўплываў на беларускія інтэрнэт-крамы. Самы высокі курс сярод інтэрнэт-крамаў аказаўся 3800 рублёў за долар. Продаж, вядома, знізіўся, адзначаюць у краме, але пакупкі ўсё адно ёсць.

Супрацоўнік крамы: “Растаюцца і па такім курсе з беларускімі рублямі”.
 
За паўтары тыдні ўдалося здзейсніць толькі 10 здзелак, сцвярджаюць у інтэрнэт-краме. Пры гэтым расплачваюцца пакупнікі беларускімі рублямі.

Праз валютныя цяжкасці ўзнікаюць праблемы і з закупкай тавараў, распавёў аператар іншай інтэрнэт-крамы Павал. Маўляў, валюты няма, а за беларускія рублі прадаваць тавары за мяжой не хочуць.
 
Павал: “Мы возім тавары з розных краін. З Расіі, напрыклад. Яны бяруць ці то ў расійскай валюце, ці то ў доларах. Валюты ў нас няма, ад таго і складанасці. Валюта сканчваецца, і даводзіцца плаціць беларускімі. А беларускімі ці то не бяруць, ці то бяруць па курсе 3800 ці 4000. Таму даводзіцца паднімаць курс у краме”.

Дарэчы, курс там больш нізкі: долар варты 3500 беларускім рублям.

У крамах нават скардзяцца, што не паспяваюць змяняць цэннікі на сайтах — настолькі хутка мяняецца курс.

“Цэны імкліва змяняюцца. Пераацэнка ідзе ледзь не кожны дзень, не паспяваем вывешваць у інтэрнэце новыя абвесткі з цэнамі”, — узрушваецца супрацоўнік інтэрнэт-крамы Васіль.

Людзі яшчэ не звыкліся з новымі коштамі, з-за гэтага колькасць пакупнікоў знізілася ў два разы, працягвае Васіль:

“Людзі, якія замовілі тавар, калі даведваюцца, як змяніўся кошт, пакуль яшчэ не гатовыя яго успрымаць”.

У адной з інтэрнэт-крамаў Еўрарадыё наогул не ўбачыла коштаў у беларускіх рублях. Высветлілася, што долар там роўны 3500 рублям. Супрацоўніца крамы адзначыла, што плаціць лепш у рублях, а наконт курсаў дадала, што кожны цяпер выстаўляе той, які яму зручней.

Супрацоўніца крамы: “Хто які ставіць. Гэта ні ад чаго не залежыць. Максімальны курс цяпер 3800, з тых, якія ёсць”.

Еўрарадыё вырашыла дазнацца, ці могуць інтэрнэт-крамы выстаўляць свае курсы валюты. Пры тым, што для банкаў існуе абмежаванне: яны могуць выстаўляць курс толькі на 10% вышэйшы за афіцыйны.

У Нацбанку адказалі, што не могуць рэгуляваць курс у крамах, і параілі звярнуцца ў Міністэрства гандлю.

А там у сваю чаргу адказалі, што паводле закону не могуць умешвацца ў рэгуляванне гэтага курсу. Маўляў, тавары прадаюць за рублі, таму ўсё згодна з законам.

“У гандлёвым заканадаўстве гэта не рэгулюецца. Мы ведаем адное — што людзі мусяць пакупаць за беларускія рублі і цэны мусяць быць у беларускіх рублях”, — апавяла спецыяліст Мінгандлю Людміла Петракоўская.

Дарэчы, на сёння афіцыйны курс Нацбанка складае 3045 беларускіх рублёў.

Фота: 222.by

Колькі курсаў долараў у Беларусі?

Параўнальная табліца: кошт долара ў беларускіх рублях.

Інтэрнэт-крамы

3100 - 3800

Нацбанк

3045

Латвійскі банк Rietumu

4500

Валютчыкі-мянялы

3600

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі