Дацкі камуніст прабраўся ў Беларусь... без візы (фота)

120611 Luka6uk Levye.mp3

Чатыры з шасці замежных удзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі Партыі еўрапейскіх левых так і не патрапілі ў Беларусь, не абмеркавалі пытанні “Дэмакратыі і эканамічнага крызісу”. Але, калі Іржы Худэчаку з Чэхіі ды Сяргею Юргенсу і Уладзіміру Кручыніну з Эстоніі візы не далі ад пачатку, то іспанскаму камуністу Педру Кампасу ў Беларусі пабываць давялося. Праўда, не далей аэрапорта, распавядае лідэр “Справядлівага свету” Сяргей Калякін.

Сяргей Калякін: “У Іспаніі няма нашай амбасады і Педра, які прыляцеў 8 чэрвеня, планаваў атрымаць візу ў аэрапорце. Замест гэтага ён быў затрыманы, аштрафаваны на 90 еўра і ў выніку, прасядзеўшы амаль 5 гадзін у аэрапорце, быў вымушаны вярнуцца ў Мадрыд”.




Відаць, былы сябра дэпутацкай групы Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю запомніўся беларускім уладам сваім дакладам у 2003 годзе, дзе раскрытыкаваў афіцыйны Мінск за адсутнасць дэмакратыі. Што з таго часу ў нашай краіне мала што змянілася, прадстаўніку Кампартыі Іспаніі прадэманстравалі адразу па прылёце ў Беларусь. Ён у адказ ужо паспеў “паскардзіцца” старшыні Еўрапарламента Марціну Шульцу і кіраўніку МЗС Іспаніі Гарсіі Маргала.

Не менш прыгод было і ў прадстаўніка левай партыі Даніі “Адзіны спіс” Аксэла-Уладзіміра Карлсэна. Ён прабраўся ў Беларусь... нелегальна.

Аксэл-Уладзімір Карлсэн: “Ляцеў самалётам з Масквы і прызямліўся тут у 0.30 ночы. Ніякага пашпартнага кантролю не было. Я нават здзівіўся – тая будка была зачыненая, нікога не было, і я проста пайшоў са сваім багажом на выхад. Мне казалі, што Беларусь – страшная краіна, нікога не пускаюць. А тут – адчыненыя дзверы, нікога няма. Я падышоў да нейкай прыемнай дзяўчыны і пытаюся: “Як мне візу атрымаць, у мяне і запрашэнне ёсць?” А яна ў адказ: “Бярыце свой     чамадан і едзьце ў Мінск, а заўтра ў любым аддзяленні міліцыі аформіце візу”. Вось за гэта мяне і аштрафавалі на наступны дзень”.



Аштрафавалі дацкага госця на 250 тысяч беларускіх рублёў за “выхад з аэрапорту”. Вось такое дзіўнае адміністратыўнае правапарушэнне. Затое візу Карлсэну паставілі бясплатна – чалавек ужо дзень у Мінску і нават штраф заплаціў.

Што тычыцца самой канферэнцыі, то замест адсутных еўрапейцаў на яе запрасілі прадстаўнікоў блізкіх “па духу” беларускіх дэмсіл і рэгіянальных актывістаў “Справядлівага свету”. У выніку дыскусіі зрабілі дзве высновы: першая – з дэмакратыяй паўсюль дрэнна, другая – выхад з крызісу ўлады (таксама ва ўсіх краінах) шукаюць не там. І распрацавалі антыкрызісную прапанову.

Сяргей Калякін: “Неабходна змяніць эканамічныя адносіны. Сёння яны накіраваныя на максімальнае атрыманне прыбытку і яго размеркавання сярод меншасці. А мы лічым, што яе неабходна пераарыентаваць на ўстойлівае развіццё, з улікам інтарэсаў большасці насельніцтва, і на вырашэнне экалагічных ды іншых праблем, якія ёсць у свеце”.

Для гэтага ж усяго толькі і трэба, што “развіццё інстытутаў дэмакратыі, сумленныя выбары і прыцягванне працоўных да распрацоўкі і прыняцця рашэнняў на дзяржаўным і міждзяржаўным узроўні”. Маўляў, хопіць толькі крытыкаваць – час ужо левым па-сапраўднаму змагацца за ўладу.

Карэспандэнт Еўрарадыё цікавіцца, што ўдзельнікі канферэнцыі плануюць рабіць далей са сваёй прапановай?

Аксэл-Уладзімір Карлсэн упэўнівае, што гэтыя прапановы будуць перададзеныя прадстаўнікам левых сіл у дацкім парламенце, а адтуль патрапяць да чальцоў ураду. Член Цэнтральнага Савета партыі “Справядлівая Расія” Вадзім Бялоў абяцае, што вынікі канферэнцыі стануць вядомыя кіраўніцтву партыі. Калякін жа шчыра прызнаецца, што напрацаванае падчас канферэнцыі можа быць прыменена для ўнутрыпартыйнай працы. Сваіх дэпутатаў ні ў нашых левых, ні ў апазіцыйных партый іншых арыентацый ў парламенце няма. Не кажучы ўжо пра ўрад. Такая сітуацыя дала падставы сябру “з усходу” папярэдзіць беларускія ўлады аб магчымых непажаданых для іх наступствах.

Вадзім Бялоў: “Палітычны працэс, які заганяецца ў падполле, прыводзіць да патрасенняў і рэвалюцый. І толькі легітымнае развіццё палітычнай апазіцыі і сумленныя выбары могуць стаць гарантыяй ад народнага суда над аўтарытарызмам”.




Дарэчы, гэта была першая канферэнцыя, якую Партыя еўрапейскіх левых вырашыла правесці ў Беларусі. Як гэта не дзіўна, сцвярджае Калякін, еўрапейскія левыя не толькі не перанеслі канферэнцыю ў іншую краіну адразу, як пачаліся праблемы з візамі ў часткі дэлегатаў, але і плануюць як мага часцей нешта ладзіць менавіта ў Беларусі. Так бы мовіць – насуперак. А тое, што левых у Беларусь не пусцілі, то гэта нават на карысць іх руху: Лукашэнку шмат хто ў Еўропе лічыць калі не камуністам, то сацыялістам. А зараз стала бачна – да левых беларускі лідэр не мае ніякіх адносінаў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі