Ліга чэмпіёнаў: "Вікторыя" — БАТЭ — 1:1 (відэа + каментарыі футбалістаў)
Барысаўскі БАТЭ ў аўторак правёў у Празе першы матч групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў.
Лік адкрыў Бакаш на 45-й хвіліне, але ў другім тайме Брэсан забіў гол у адказ.
Viktoria Plzen vs Bate Borisov (1-1) Goals &... by VIVAGoals
БАТЭ гуляў у наступным складзе: Гутар, Бага, Філіпенка (к), Сіміч, Бардачоў, А. Валадзько, Аляхновіч, Брэсан (Канцавы, 72), Рудзік, Гардзяйчук (М. Валадзько, 83), Кежман (Алекс Парфірыё, 76).
У іншым матчы нашай групы "Барселона" і "Мілан" згулялі ўнічыю 2:2.
Свой першы матч БАТЭ пачаў даволі нервова, і са стартавага свістка ініцыятывай завалодалі гаспадары. У першыя 15 хвілін гульні барысаўчане валодалі мячом толькі трэць часу і амаль не пагражалі варотам сапернікаў.
“Было бачна, што з першых хвілін гульцы абедзвюх каманд хваляваліся. Зрэшты, гэта натуральна, – каментуе гульню галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка. – Усё ж такі матч стаў стартавым у групавым турніры цяперашняй Лігі чэмпіёнаў. Хутчэй ад хвалявання адышла чэшская каманда. У выніку менавіта "Вікторыя" адкрыла лік. Мы прапусцілі перад перапынкам. Аднак у раздзявальні я бачыў, што каманда поўная жадання выправіць сваю памылку і адыграцца. Яшчэ больш у тым, што мы зраўняем лік, мяне пераканалі дзеянні каманды пасля антракту. Урэшце, усё так і атрымалася. А так вынік матчу, на мой погляд, заканамерны і цалкам адпавядае таму, што адбывалася на поле”.
Паўабаронца Філіп Рудзік дадае, што каманда сапраўды вельмі хвалявалася ў пачатку, але ён быў упэўнены, што БАТЭ здолее адыграцца.
“Трэнер сказаў: 15 хвілін, каб прыглядзецца, прызвычаіцца да стадыёна і атмасферы. А потым мы ўжо пачалі гуляць у свой футбол. Спяшаліся, магчыма... Для ўсіх гэта дэбют у Лізе чэмпіёнаў, толькі Валадзько і Кежман гулялі – больш ніхто. Патрэсвала. Я крыху хваляваўся. Сумбурныя дзеянні былі, мы часта пазбаўляліся ад мяча...”
“Не хапіла, напэўна, досведу, – мяркуе абаронца Максім Бардачоў. – Усё ж такі ўплывала хваляванне, таму не атрымалася перамагчы. Сапраўды, вельмі шмат браку было ў цэнтры поля, шмат абрэзак. Гэта, напэўна, ад жадання – хацелі хутчэй, а атрымалася, як заўсёды: хочаш лепш, а атрымліваецца горш”.
У перапынку Віктару Ганчарэнку ўдалося настроіць каманду на патрэбны лад. З першых хвілін другога тайма барысаўчане прыціснулі “Вікторыю” і мелі некалькі добрых момантаў, якія ў выніку прывялі да ўзяцця варот. Аўтар забітага гола Рэнан Брэсан прыгадвае, што трэнер у раздзявальні знайшоў патрэбныя словы, якія прымусілі футбалістаў паверыць у свае сілы.
Рэнан Брэсан: “Памылак шмат было, але пасля перапынку нам удалося сабрацца. Віктар Міхайлавіч сказаў, што трэба рабіць, і ў другім тайме здорава згулялі ўсе. Лік 1:1 быў добрым для іх і для нас. Трэба было больш рызыкаваць – тады, напэўна, забілі б другі гол. Тым больш у другім тайме яны падстаміліся, а мы дадалі. Але з іншага боку мы не хацелі асабліва рызыкаваць, таму што такі лік у першай гульні і на выездзе – гэта вельмі добры лік. Хацелася б перамагчы, натуральна. У прынцыпе, другі тайм някепска згулялі, гол забілі. Але гэта толькі пачатак – трэба працаваць, працаваць далей”.
Дзмітрый Бага лічыць, што камандзе для перамогі не хапіла ўпэўненасці і разняволенасці:
“Цяжка цяпер адразу пасля гульні нешта казаць. Трэба паглядзець, зрабіць аналіз. Калі б мы гулялі больш разняволена, давяралі адзін аднаму і былі больш упэўненымі, то, думаю, мы маглі перамагаць... і павінны былі перамагаць”.
Славуты нападаючы Матэя Кежман правёў за БАТЭ ўжо другі матч, але зноў не здолеў распячатаць вароты саперніка і быў заменены на 76- хвіліне. Але сербскі нападаючы паабяцаў, што яго першага гола за жоўта-блакітных засталося чакаць не вельмі доўга.
“Я спадзяюся, што ўжо хутка. Сёння я быў блізкі да таго. Былі два-тры добрыя шансы, два-тры добрыя ўдары, якія, на жаль, не завяршыліся голам. Здаецца, што сёння мне ўдалося дапамагчы камандзе. А што тычыцца першага гола, спадзяюся, гэта здарыцца ў самым бліжэйшым часе”.
Фота: "Прэсбол"