Лябедзька: Абраныя дэмакраты будуць вінны нам шампанскае
Папракаць калег, якія вырашылі ўдзельнічаць у выбарах да канца, у АГП не будуць.
У дадатак да тых дзвюх акруг, якія і так былі безальтэрнатыўнымі, на мапе парламенцкіх выбараў з’явіліся яшчэ пяць. А ўсё з-за таго, што Аб’яднаная грамадзянская партыя выканала сваю пагрозу і 15 верасня зняла-такі ўсіх сваіх 38 кандыдатаў з выбараў. Усе кандыдаты прагаласавалі за сваё зняццё добраахвотна, без ужывання гвалту з боку АГП, жартуе лідар партыі Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька: “Вы бачыце, што слядоў гвалту няма ні на твары, ні на руках. Гэта было сапраўды крыху падобна да 25-га ці 27-га з’езду КПСС — мы так пажартавалі напрыканцы нашага галасавання. Абсалютна поўнае адзінадушна”.
Кпіць ці папракаць калег па дэмакратычным лагеры, якія вырашылі ісці да канца, у АГП не будуць. Ну, хаця для таго, каб тыя ў сваёй крыўдзе на кпіны не забыліся аддзячыць АГП за вызваленую дарогу.
Анатоль Лябедзька: “Хай ідуць! У любым выпадку, калі там будуць прызначаныя дэпутаты з дэмакратычнага асяродка, гэта не мяняе наш падыход. Нам трэба свабодныя, сумленныя выбары, а не прызначаныя 2-3 дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў. Я не выключаю, што 2-3 чалавекі могуць прайсці. Але яны павінна адразу прыйсці са скрыняй шампанскага ў АГП. Бо ўладзе трэба будзе неяк рэагаваць на гэтую жорсткую пазіцыю. Ім трэба неяк паказаць, што тое, што мы робім — няправільна. Якім чынам? Ну, можа, 2-3 уставіць у спіс. Але калі яны сумленны людзі, то хаця б нам тады шампанскага праставяць”.
Аб сваім рашэнні выбарчыя камісіі кандыдаты ад АГП паведамяць ужо сёння. Таму, працэдура зняцця не будзе расцягнутая да якога-небудзь 20 верасня. Свой удзел у выбарах АГП лічыць паспяховым, хаця б таму, што галоўнай яго мэтай было — давесці людзям аб сваёй кампаніі “Справядлівыя выбары без Лукашэнкі”. Агітацыйная кампанія дала такую магчымасць. Нягледзячы на тое, што з эфіру па тэлебачанні і радыё знялі 33 выступы кандыдатаў ад АГП.
Наступны тыдзень АГП прысвеціць назіранню за выбарамі. А каб не прападалі дарма надрукаваныя ўлёткі, будуць далучацца да пікетаў калег. І намагацца сабраць пад свае сцягі… усіх незадаволеных уладай!
Анатоль Лябедзька: “Мы будзем весці перамовы на прадмет стварэння інстытуцыі, якая б прэзентавала сябе як структура, што выражае інтарэсы тых, хто свядома пайшоў на выбарчыя ўчасткі і тых, хто прыйшоў туды пад прымусам і прагаласаваў супраць усіх. Нам вельмі важна аб’яднаць прыхільнікаў гэтай лініі. І калі мы гэты зробім і створым такую інстытуцыю, да якой будзе давер у звычайных простых грамадзян — гэта будзе велізарны поспех і вялікі крок да прэзідэнцкай кампаніі”.
У якасці тлустай кропкі на сваім удзеле ў парламенцкай кампаніі АГП па заканчэнні галасавання накіроўваецца да Камароўскага рынку і выстаўляе апошні легальны пікет — у падтрымку палітвязняў.
Сёння ж рашэнне аб зняцці сваіх кандыдатаў з выбараў прыняла і Партыя БНФ. І АГП, і ПБНФ матывавалі сваё рашэнне тым, што выбарчая кампанія прахозіць непразрыста і недэмакратычна. Але ў адрозненне ад АГП, дзе ўсе дэлегаты з'езда адзінагалосна выказаліся за зняццё, галасы "бэнээфаўцаў" падзяліліся: 37 дэлетаў прагаласавалі за зняццё кандыдатаў, 2 — супраць, 5 — успрымалася.
Фота: Змітра Лукашука