Міліцыянты ўсё ж прапусцілі Карбалевіча ў амбасаду
Нагадаем, што сёння палітолага Валерыя Карбалевіча затрымалі каля амбасады, куды ён накіроўваўся на сустрэчу.
У яго не аказалася дакументаў, таму міліцыянты-ахоўнікі выклікалі нарад міліцыі. Нямецкія дыпламаты ўсё ж дамагліся, каб міліцыянты прапусцілі госця амбасадара ў будынак пасольства. Па словах Карбалевіча, дыпламаты пераконвалі міліцыянтаў, што іх функцыя — ахоўваць амбасаду, а не рэгуляваць пропуск ці няпропуск.
Пра гэтую сітуацыю палітолаг распавёў у каментары Еўрарадыё.
Валерый Карбалевіч: “Я
ішоў у амбасаду па запрашэнні амбасадара дзеля гутаркі. Міліцыянт, які
аховае амбасаду, запатрабаваў дакументы. У мяне іх не аказалася. Ён
заявіў, што не прапусціць мяне і выклікаў нарад міліцыі, каб высветліць
маю асобу. Калі прыехаў нарад, з амбасады выйшлі пяць супрацоўнікаў
амбасады. У выніку мяне прапусцілі без рэгістрацыі”.
Скардзіцца на міліцыянтаў Карбалевіч не збіраецца: ахоўнік амбасады дзейнічаў паводле інструкцыі, лічыць палітолаг.
Фота — baj.by