Мінчане кладуць (!) грошы на ўклады. І скардзяцца, скардзяцца…

110831 Nasta Banki.mp3

“Дзіця сабралі ў школу — і ўсё. Учора купляю гумкі, пытаюся — ці можна браць па адной? А яна кажа — бярыце, як хочаце: у людзей ужо грошай няма, таму я парамі больш не прадаю. Гэта нармальна, каб ранец каштаваў 580 тысяч? Усё вельмі дорага стала. Штаны — 200, боты — за 300 тысяч!” — скардзіцца жанчына ў чарзе “Беларусбанка”.


Журналіст Еўрарадыё пастаяла ў чэргах мінскіх банкаў, каб даведацца, пра што тут размаўляюць людзі і па што стаяць.


У асноўным людзі аплачваюць рахункі, здымаюць пенсію, спрабуюць купіць валюту. І, што мяне здзівіла — кладуць (!) грошы на ўклады. І скардзяцца, скардзяцца…


Пры мне старэнькая бабуля паклала на ўклад “Ваш выбар” адзін мільён беларускіх рублёў.


Касірка ў “Беларусбанку” кажа, што ўклады амаль не забіраюць. А нават прыносяць:


“Навошта іх забіраць? Што з імі пасля рабіць? Калі такое зрабіць, дык гэта ж рэвалюцыя будзе. А хто дазволіць, каб была рэвалюцыя? Ніхто”.


Уклады нясуць і ў “Тэхнабанк”:


“Уклады больш, чым раней, не забіраюць. А нават прыносяць. Самыя папулярныя — на 1095 і 1825 дзён, пад 11%. Гэта ўклад у валюце”.


Еўрарадыё пагутарыла з парай пенсіянераў, якія трымаюць беларускія рублі ў банку і закрываць дэпазіт не збіраюцца. Яны скардзяцца, што кошты растуць, але ажыятажу не паддаюцца.


“Мы забралі столькі, колькі нам хопіць да наступнай пенсіі. А астатнія ляжаць на ўкладзе. Каб то былі долары! У такім разе забралі — быў бы нейкі выйгрыш. А куды я дзену гэтыя рублі? 10 мільёнаў зняць… І куды мы іх дзенем? Чакаць злодзея?”


Нагадаем, што днямі прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч сказаў, што ва ўкладах у насельніцтва сёння ляжыць 3,5 мільярды долараў. Паводле дадзеных Нацбанка, у ліпені банкаўскія ўклады насельніцтва павялічыліся на 841 мільярд рублёў, а месяц раней — на 926 мільярдаў. То бок прыток нацыянальнай валюты ў банкаўскую сістэму за месяц знізіўся.


Людзі ў чэргах у банку ўсё яшчэ спадзяюцца знайсці валюту! Так, бабуля, спрабуе набыць расійскія рублі, каб паехаць у Маскву да ўнучкі, павіншаваць яе з днём нараджэння. Але ёй раяць напісаць заяву і прыкласці да яе пасведчанне аб нараджэнні ўнучкі… І толькі тады, можа, прададуць трошку расійскіх рублёў.


Самыя папулярныя пытанні ў банках сёння: “Калі можна будзе перавесці рублёвыя ўклады ў валютныя?” і “Калі падаражэе долар?”.


— Я магу вам штосьці падказаць?
— Калі долар падаражэе?
— Вам жа ўчора ўсім сказалі!
— Што? Што долар выйдзе ў свабоднае плаванне? І ўсе мы за ім туды пойдзем…


Людзі скардзяцца ў чэргах, у разгар крызісу нясуць у банкі ўклады — але і гэта яшчэ не ўсё! Некаторыя даюць грошы касірцы, каб яна набыла сабе… каву! "Памяты" мужчына, які даўно не мыўся, але нядаўна выпіў, трымае ў руках стос грошай і суе 20 тысяч у вакенца касірцы.


Касірка: Што вы хочаце з гэтымі грашыма зрабіць?
Мужчына: А вы што хочаце з імі зрабіць?
Касірка: Я ў вас пытаюся: што мне з імі рабіць?
Мужчына: Што хочаце, тое і рабіце, — схадзіце каву купіце.


Свет звар’яцеў разам з банкамі…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі