Мінсктранс: “Зайцам” быць выгадней, чым набываць талончыкі
У Мінску штраф за безбілетны праезд такі ж як кошт аднаго талончыка ў Вільні.
Кошты на талончыкі чарговы раз падымаюцца. А штрафы застаюцца ранейшымі. Як было зімой 7 тысяч, так і засталося сёння. Сталічныя транспартнікі лічаць, што “зайцам” быць… выгадна.
“Таму што чалавек не зацікаўлены набываць праязны білет. На сёння штраф каштуе сем тысяч, а праязны на два віды транспарту каштуе пяцьдзясят тысяч. Памер штрафу непараўнальны. Можна катацца бясплатна. Адзін раз, альбо два разы ў месяц трапіш – усё адно танней, чым праязны”, – кажа намесніца дырэктара “Агенцтва Мінсктранс” Вольга Качан.
Пакаранні для безбілетнікаў у некаторых суседніх краінах набліжаюцца да памеру пражытачнага мінімуму беларусаў. У Варшаве, да прыкладу, за безбілетны праезд можна заплаціць больш за 30 долараў, а ў Вільні ўсе 40. Пры гэтым талончык на адну паездку ў суседзяў каштуе ў раёне долара. Па чорным курсе гэта больш, чым штраф у Мінску!
У “Мінсктрансе” лічаць, што ў Беларусі штраф для “зайца” павінен быць прыблізна роўным кошту месячнага праязнога.
“Калі б пасажыр за адзін раз, калі патрапіцца, вярнуў кошт праязнога білета, то палічыў бы, што яму прасцей набыць праязны. Штраф павінен быць суадносным з коштам праязнога білета на месяц”.
Але памер штрафу за безбілетны праезд прапісаны ў Адміністрацыйным кодэксе. Гэта пытанне можа вырашыць толькі парламент на парламенцкай сесіі! А ў дэпутатаў пакуль “канікулы”.
“Адміністрацыйны кодэкс мяняюць не транспартнікі. Гэта пытанне не да транспартнікаў. Мы выступалі з ініцыятывай і неаднаразова. Чаму не мяняюць – гэта хутчэй пытанне да ўрада”.
Дарэчы, павышэнне штрафаў магло б нядрэнна дапамагчы транспартнікам. Толькі за жнівень кантралёры злавілі ў Мінску больш за 16 тысяч “зайцоў”. Агулам яны заплацілі 113 мільёнаў рублёў штрафаў.
Фота — bymedia.net