"Набыў гадзіннік “Луч”, а той адстаў за дзень на 5 хвілін"
Затое Еўрарадыё выявіла шмат падабенстваў айчынных гадзіннікаў са швейцарскімі.
Некалькі месяцаў таму ў крамах з’явіліся новыя гадзіннікі завода “Луч”. Еўрарадыё заўважыла, што дызайн новай калекцыі “Прэстыж” вельмі нагадвае прадукцыю вядомага швейцарскага брэнда Franck Muller (фота ніжэй). У некаторых з іх сапраўды швейцарскія механізмы Ronda, а дызайн стваралі беларускія спецыялісты. Кошты на “швейцарскія” гадзіннікі мінскай зборкі пачынаюцца з 600 тысяч рублёў.
Супрацоўніца фірменнай крамы “Луч” кажа, што на новую калекцыю асабліва скаргаў пакуль не было. Гадзіннікі добра купляюць нават замежнікі.
“Увогуле, у дзень можам прадаць і 50, і 100 гадзіннікаў. Прыходзіць шмат замежнікаў: Расія, Францыя, Іспанія, Італія. Гадзіннікі ў кожным разе сталі больш надзейныя, бо штосьці дадаюць, мяняюць у механізмах, з’явіліся цікавыя мадэлі з падзаводам”.
Еўрарадыё знайшло аднаго аматара беларускіх гадзіннікаў з Германіі. Студэнт з Берліна Ганс набыў у фірменнай краме “Луч” гадзіннік за 160 тысяч рублёў. Але ўжо ўвечары немец заўважыў, што гадзіннік спазняецца на 5 хвілін, а паводле пашпарта дапускаецца адхіленне ў 2 секунды ў суткі. Праз два дні Ганс прыйшоў у краму, каб замяніць тавар ці забраць грошы.
“Прадаўшчыца сказала, што мне не вернуць грошы, бо гадзіннік добры і ён мне проста не спадабаўся. Я сказаў, што гэта выдатны гадзіннік, але ён спазняецца на 5 хвілін. Мне адказалі, што могуць памяняць толькі механізм. Прадаўшчыца прапанавала набыць новы гадзіннік, а гэты… падарыць каму-небудзь. Як я магу падарыць гадзіннік, калі ён не працуе?”
Пасля вялікай размовы майстар згадзіўся памяняць механізм. Ужо на наступную раніцу Ганс прыйшоў у майстэрню за сваім гадзіннікам.
“Я не ведаю, ці мянялі яны механізм, але цяпер гадзіннік спяшаецца на 2 хвіліны штодня. Нічога страшнага, цяпер я ў Германію, але ў мяне ёсць свой гадзіннік з Беларусі (смяецца)”.
Ганс кажа, што калі б такое здарылася ў Германіі, то, перш за ўсё, у яго папрасілі б прабачэння і прапанавалі іншы гадзіннік ці вярнулі грошы.
Наведвальнікі афіцыйнага сайта завода “Луч” пішуць, што непрыемныя выпадкі здараюцца і з гадзіннікамі новай серыі “Прэстыж”. Адзін хлопец скардзіцца, што новы гадзіннік адставаў на хвіліну, але рамантаваць іх адмовіліся. Майстры спасылаюцца на пашпарт: маўляў, такое адставанне дапускаецца. Прыйшлося запатрабаваць грошы і вярнуць тавар. А ў майстэрні завода “Луч” кажуць, што многае залежыць ад эксплуатацыі.
“Даецца гарантыя год. У кагосьці яны ходзяць 10-15 гадоў, а хтосьці замочыць іх праз тыдзень. Ёсць звычайнае прыкрыццё корпуса, не “амфібія”, і іх трэба берагчы ад вільготнасці, яны ў гэтым плане ўразлівыя. Трэба глядзець на пашпартнае апісанне. Бывае дэкаратыўнае пакрыццё, яно нетрывалае”.
Майстэрня “Тверьчас” з’яўляецца гарантыйным сэрвісам завода “Луч” у расійскім горадзе. Супрацоўнік майстэрні распавядае Еўрарадыё, чаго нестае беларускім гадзіннікам.
“Вельмі добрыя кварцавыя мадэлі. У механічных мадэлях карпусы неабароненыя. Чалавек трапіць пад дождж, усе пацее, гадзіннік пачынае псавацца. Некалькі гадоў таму рабілі лепшыя гадзіннікі, якасць сыходзіць“.
Узораў новай калекцыі ў “Тверьчас” яшчэ не прыносілі. Але тое, што беларускія гадзіннікі становяцца падобнымі да швейцарскіх, майстра не здзіўляе.
“Усе кампаніі капіруюць адзін у аднаго дызайн. Але ўсё роўна гэта толькі імітацыя пад нейкую дарагую марку. Калі носіш нешта падобнае, напрыклад, да Franck Muller, то гэта называецца “падробленая раскоша”.
20 адсоткаў прададзеных у Цверы гадзіннікаў “Луч” вяртаюцца ў гарантыйную майстэрню з рознымі паломкамі.
Тым часам берлінец Ганс не выключае, што падчас свайго наступнага візітe ў Мінск зноў набудзе сабе гадзіннік — раптам пашанцуе!