Наста Манцэвіч: "Ці пачуваю я сябе скандальнай пісьменніцай?"

120907 Malina Nasta.mp3

Пачынаючая беларуская паэтка Наста Манцэвіч выпусціла дэбютны зборнік "Птушкі", які ўскаламуціў ваду ў айчынным літаратурным вадаёме. Кніга ўвабрала ў сябе апавяданні і вершы розных часоў. Большая частка твораў раней публікавалася ў асабістым блогу Насты, а падборам твораў для кнігі заняўся яе сябра і рэдактар "Птушак" Павел Анціпаў. Менавіта ён вырашыў сабраць у адной кнізе і апавяданні, і вершы  — на ягоную думку, усе творы гладка выцякаюць адзін з другога.

“У яе апавяданняў ёсць рытм, свая адметная інтанацыя, — тлумачыць такі выбар Павел. — І як мінімум гэтым кніга Насты адрозніваецца ад іншых кніг”.

Яшчэ за некалькі дзён да афіцыйнай прэзентацыі "Птушкі" сабралі вакол сябе шмат самых розных крытычных водгукаў ды спрэчак на прасторах Інтэрнэта. Не засталіся ў баку ад абмеркавання і вядомыя крытыкі і літаратары, і проста аматары рознага чытва. Некаторыя ў кнізе добра разгледзелі празмерны натуралізм у апісанні эратычных сцэн, а нехта высока ацаніў яе сацыяльную вартасць.

 

 

"Некаторыя людзі знарок звужаюць тэматыку гэтай кнігі да гэтай тэмы, — абураецца Павел Анціпаў. — Камусьці не падабаецца тое, што там ёсць мацернае слова ці два, а на маю думку, гісторыя з матнымі словамі ў літаратуры павінна была скончыцца яшчэ ў 90-я гады. Камусьці не падабаецца тое, што там ёсць нейкія адкрытыя сцэны. Але калі вы пачытаеце кнігу, то зразумееце, што гэтыя сцэны не парнаграфічныя, а мастацкія".

Нягледзячы на ўсе спрэчкі і нават правакацыі, якіх пабойваліся арганізатары,  жадаючых паслухаць на ўласныя вушы творы Насты Манцэвіч набілася паўнюткая зала. Падчас імпрэзы Наста вырашыла абысціся без доўгіх прамоваў-падзякаў, а проста прачытала сваю кнігу ад пачатку да канца, час ад часу назіраючы за рэакцыяй слухачоў на асабліва "рэзкія" творы. Кожны з іх, безумоўна, убачыў у "Птушках" нешта сваё, але большасць прадказальна ўсхвалявала тэма аднаполага кахання і натуралістычнасці яго апісання ў творах.

"Я сама здзіўленая гэтаму, — кажа Наста. Але гэта асобнае жыццё кнігі. Гэта не тое, што я ўкладала ў яе, але вось яна такім жыццём вырашыла жыць. Няхай жыве! Я вырашыла падтрымаць яе і прачытаць на сённяшняй прэзентацыі цалкам. І такім чынам сказаць, што мне няма чаго саромецца".   

У гэтым аўтарку вельмі горача падтрымаў Адам Глобус, назваўшы яе кнігу – грамадскім учынкам і нарэшце "некастрыраванай" літаратурай. У сацыяльным аспекце "Птушак" і ёсць адметнасць кнігі і менавіта гэта дапамагло Насце Манцэвіч прагучаць, лічыць літаратар:

"Я наогул лічу, што паэт — гэта не "паэт чыстай красы", а, як і пісьменнік, сацыяльна актыўны грамадзянін. І я — за такую пазіцыю ў літаратуры. Таму кніжка і прагучала! Бо ўсё раўналеткі Насты засталіся далёка ззаду.  Як дробныя мышы ў параўнанні з коцікам! А сэксуальны складнік — гэта вельмі каштоўнае ў гэтай кніжцы. Ёсць у чалавека патэнцыя — дык трэба ж гэта вітаць! Гэта не кастрыраванная кніжка ў адрозненні ад шмат якіх. Хоць бывае, што і кастраты добра спяваюць".

Такім чынам, Еўрарадыё амаль згубіла надзею, знайсці некага, хто б заўважыў у зборніку Насты Манцэвіч найперш не грамадзянскі ўчынак з эратычнай тэматыкай. Як ні дзіўна, гэта была журналістка Ганна Шадрына, якая зараз аккурат займаецца гендэрнымі даследаваннямі:

Ганна Шадрына: "Як мне падалося, у сваёй кнізе Наста перадае, наколькі яна можа гэта зрабіць, сваё  светаадчуванне, свае мары, распавядае пра тое, што можа балець маёй сучасніцы, чаго яна можа хацець. Мне не падалося, што тут дамініруе нейкая сэксуальная тэма, але я думаю, што каб яна дамініравала – было б добра, таму што сэкс – істотная частка жыцця любога чалавека. І мне як чытачу і гледачу гэта цікава".

Сама Наста Манцэвіч, здаецца, больш хвалявалася за прэзентацыю "Птушак", чым за дыскусію вакол сваёй кнігі. Прынамсі, пра ўсё гэта аўтарка даведваецца са словаў сяброў і шчыра здіўляецца такому развіццю падзей:

Наста Манцэвіч: "Ці адчуваю я сябе зараз скандальнай пісьменніцай? Ну, давялося адчуць у пэўных маштабах. Калі гэта можна лічыць скандальным – я асэнсоўваю, што гэта вельмі вузкае кола, у якім з нагоды выхаду маёй кніжкі проста штосьці пачало бурліць".

 


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі