Някляеў стварыў апалітычную кампанію і апынуўся ў палітыцы

I паабяцаў, што не пойдзе ў прэзідэнты, і прызнаў, што казаць праўду — гэта таксама палітыка.

Паводле прызнання Ўладзіміра Някляева, стварыць такую кампанію ён марыў даўно, але пастаянна нешта перашкаджала. Найперш, неразуменне яе неабходнасці.

Уладзімір Някляеў:
“Я неаднойчы намагаўся стварыць нешта такое — арганізацыю, рух, кампанію, якая б мела на мэце не палітыку, якой займаюцца зараз усе, а культуру. Мараль як складнік гэтай культуры, духоўнасць. Гэта значыць тое, што і ёсць чалавек, што стаіць наперадзе ўсяго. Але колькі я ні даводзіў на ўсіх канферэнцыях, палітычных шоў, дзе мне даводзілася быць, што акурат на гэта трэба выдаткоўваць сродкі, калі іх выдаткоўваць, — каб не страціць самае асноўнае: душу. Гэтага чамусьці ніхто не чуў”.

І, кажа, не толькі не чулі, але і супрацьдзейнічалі ўсім намаганням паэта па стварэнні арганізацыі такога кшталту. Прычым не толькі ўлада, але і апазіцыя. Таму, згодна са словамі Някляева, кампанію “Гавары праўду!” ён ствараў у абыход і ўлады, і апазіцыі. І не хоча мець ніякага дачынення да палітыкі ўвогуле. У тым ліку, не збіраецца выкарыстоўваць гэтую кампанію для свайго вылучэння ў прэзідэнты. Хаця прапановы стаць кандыдатам паэту паступалі.

Уладзімір Някляеў: “Насамрэч да мяне звярталіся людзі з прапановай, ці не дам я згоду стаць кандыдатам на бліжэйшых выбарах у прэзідэнты Беларусі. Канечне, я не магу назваць імёны, але гэта нябедныя людзі, так скажам. І я адмовіўся, проста катэгарычна адмовіўся”.



І зрабіў сустрэчную прапанову — арганізаваць грамадскую кампанію, якая будзе змагацца за духоўнасць, маральнасць і культуру нацыі. Праўда, не выключае, што дзейнасць гэтай кампаніі будзе мець пэўны ўплыў на будучыя прэзідэнцкія выбары.

Уладзімір Някляеў:
“Калі кампанія гэта пойдзе паспяхова, то, канечне, яна будзе ўплываць на сітуацыю перадвыбарную. І на самі выбары яна можа паўплываць. І я думаю, што ў накірунку тых зменаў, якія мы ўсе хочам”.

Тым больш, кажа, што ўсё, што мы робім па-за межамі “генеральнай лініі ўлады”, чамусьці пачынае лічыцца палітыкай.

Уладзімір Някляеў: “У нашым грамадстве як толькі ты зрабіў рух не па генеральнай лініі — ты ўжо апынуўся ў палітыцы. Хочаш ты гэтага альбо не — цябе туды паставяць”.

Казаць начальству на працы праўду — таксама палітыка. Але, кажа паэт, мы павінны быць гатовыя да гэтага “абвінавачвання” і цвёрда трымацца абранай пазіцыі.



А былы кіраўнік фонду “Дзецям Чарнобыля”, прафесар філасофіі Генадзь Грушавы пажадаў, каб такіх людзей было як мага больш.

Генадзь Грушавы:
“Доля праўды, якой жыве грамадства, залежыць ад таго, колькі такіх людзей, наколькі яны адкрыта гэта робяць. Наколькі яны закранаюць пытанні, якія датычаць не толькі іх асабістага жыцця, але і нашага агульнага жыцця”.

А праваабаронца Таццяна Процька прызналася, што падпісалася пад заклікам “Гавары праўду!” таму, што стамілася ад яе недахопу.

Таццяна Процька:
“Ёсць праўда на ўзроўні чалавека, ёсць праўда на ўзроўні дзяржавы, ёсць праўда ў інтэрнэце. Ёсць шмат праяўлення праўды. Мне б хацелася, каб яна была і не было хлусні”.



Першай акцыяй кампаніі стаў выпуск паштовак “Гавары праўду!”, на якіх адразу надрукаваны адрас атрымальніка — Адміністрацыя прэзідэнта. Людзям прапануецца напісаць на паштоўках пра свае і мясцовыя праблемы і накіраваць іх адрасату. А ў сакавіку пачне працаваць сайт кампаніі, дзе будуць фіксавацца факты маны. Хто б гэтым манюкам ні быў — чыноўнік, міліцыянер альбо апазіцыянер.



З заклікам гаварыць праўду да ўсіх звярнуліся паэты Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, прафесар Генадзь Грушавы і акадэмік Радзім Гарэцкі, гросмайстар Віктар Купрэйчык і лаўрэат Міжнароднай прэміі Фонда Фрыдрыха Эберта ў галіне правоў чалавека Жана Літвіна, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і праваабаронца Таццяна Процька. А Ўладзімір Някляеў выказаў спадзяванне, што да іх далучацца іншыя асобы, рухі, партыі і арганізацыі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі