Някляеў і Саннікаў у Мінску сабралі альтэрнатыўны народны сход

Падчас акцыі кандыдаты ў прэзідэнты патрабавалі "гадзіну праўды" на БТ, а іх апаненты раздавалі контрагітацыю: дыскі з партрэтам Някляева і надпісам “Не отдадим страну лжецу”, а таксама чорныя ўлёткі “Что еще ты скрываешь от нас?”.

19.12 Андрэй Дзмітрыеў абвясціў пра канец акцыі і заклікаў прысутных разыходзіцца. Таксама ён заклікаў прыйсці ўсіх 16 снежня на плошчу Свабоды. А 19-й гадзіне там адбудзецца сумесная сустрэча з выбарцамі Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава.

19.08 Выступіў Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік выбарчага штабу Някляева. Ён заклікаў усіх прыйсці 16 снежня на плошчу Свабоды, дзе адбудзецца сустрэча Някляева і Саннікава з выбарцамі. 

19.00 Някляеў і Саннікаў урачыста падпісалі сумесны зварот да Цэнтравыбаркаму з патрабаваннем даць ім "гадзіну праўды". Пасля гэтага Андрэй Саннікаў сышоў разам са сваёй жонкай Ірынай Халіп. Не відаць ужо таксама Уладзіміра Някляева. 

Пасля іх выступае Зміцер Вайцюшкевіч. Ён спявае вядомую "Я нарадзіўся тут".




18.55 Саннікаў і Някляеў збіраюцца падпісаць зварот да ЦВК, каб на тэлебачанні ім вылучылі “гадзіну праўды”.

На акцыі прысутнічаюць актывісты БХД са сваімі сцягамі. Па іх словах, калі паспее, то на мітынгу з’явіцца Віталь Рымашэўскі. Сцягоў кампаніі “Гавары праўду” Някляева і сцягоў "Еўрапейскай Беларусі" Саннікава прыкладна пароўну.

18.53 Паралельна праз дарогу праходзіць пікет у падтрымку Лукашэнкі.



18.46 На мітынгу прысутнічаюць пенсіянеры з расцяжкай “Хопіць гвалціць пенсіянераў”

18.45 Някляеў зачытаў сваю "забароненую прамову", з якой планаваў выступіць на афіцыйным Усебеларускім народным сходзе.




18.42 Мастак Аляксей Марачкін паўтарыўся пра “лысую гуму” і адзначыў, што спадзяецца на моладзь, бо бачыць у вачах маладых людзей агонь. 

На плошчы сабралося каля паўтары тысячы ўдзельнікаў.

18.40 Журналістка і жонка Андрэя Саннікава Ірына Халіп заклікала прыйсці на плошчу жанчын. “Я і маці, і жонка, і дачка, але на плошчы буду”, – сказала яна. Таксама яна заклікала, каб не паўтарыўся 2006 год, калі выбарцы прыйшлі на Плошчу, а лідары распусцілі іх па дамах. 



18.29 Перад прысутнымі выступае паэт Генадзь Бураўкін. Пісьменнік задаецца пытаннем, чаму на “афіцыйным” сходзе няма іншых кандыдатаў, акрамя Аляксандра Лукашэнкі. 

На акцыю сабралося ўжо каля тысячы чалавек. 

18.27 Андрэй Саннікаў зноў заклікаў мяняць “лысую гуму”. І сказаў, што замест афіцыйнага сходу павінен адбывацца Усебеларускі народны “сыходзь”. 

Уладзімір Някляеў у сваім выступе задаўся пытаннем: "Адкуль у Лукашэнкі 75% рэйтынг, калі альтэрнатыўныя кандыдаты на ўсіх сабралі 1 мільён подпісаў?". Някляеў паведаміў, што 9 снежня дэмакратычныя кандыдаты сустрэнуцца між сабой. Яны выпрацуюць агульную стратэгію перад 19 снежня.



18.26 Перад прысутнымі не здолее выступіць лідар гурта “Крама” Ігар Варашкевіч. Напярэдадні музыка захварэў.

18.25 
На мітынгу з’явіўся Уладзімір Някляеў.

18.24
 Славамір Адамовіч: "Зараз апошнія дні лібералізацыі". На думку паэта і аднаго з першых беларускіх палітвязняў, акцыя ўдалася, але гэта апошняя такая магчымасць.

18.22 На мітынг прыехалі людзі з Баранавіч, Рэчыцы, Бабруйску ды іншых гарадоў.

18.20 
Перад прысутнымі выступіў кіраўнік штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў. Па яго словах, перад вакзалам сабраўся сапраўдны Народны сход.

Невядомыя спрабавалі перашкодзіць акцыі. Яны прыгналі на прывакзальную плошчу аўтамабіль, з якога гучна грала музыка і заглушала выступоўцаў. Удзельнікі акцыі закідалі грузавік снегам і вырвалі драты з узмацняльніка. Пасля гэтага аўтамабіль з'ехаў з плошчы.

18.07 Да мітынгу далучаюцца мінакі. Людзі скандзіруюць “Жыве Беларусь”. Тым часам выступае рэпер Vinsent. Перад гэтым гучалі песні на вершы Уладзіміра Някляева.



17.58
 На прывакзальнай плошчы сабралася каля 700 чалавек. Вядзе імпрэзу музыка Зміцер Вайцюшкевіч. Але саміх кандыдатаў пакуль не бачна.




Фота: Еўрарадыё
Відэа: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі