Новы старшыня федэрацыі футбола аднагалосна абраны з аднаго кандыдата

Новым старшынём Беларускай федэрацыі футбола стаў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас. Выбары прайшлі на чарговай выніковай канферэнцыі федэрацыі футбола 22 красавіка.

“У выніку падліку галасоў адкрытым галасаваннем выбарчая камісія зарэгітсравала: За — 81, супраць — 0, устрымаліся — 0. Такім чынам, старшынёй Беларускай федэрацыі футбола абраны Сяргей Румас”, — агучыў вынікі выбараў старшыня выбарчай камісіі БФФ Аляксандр Пугач.

Цяпер ужо былы старшыня БФФ Генадзь Нявыглас не стаў балатавацца ізноў праз шэраг прычынаў. Адна з іх — спіс невыяздных у ЕС, у які трапіў чыноўнік.

Генадзь Нявыглас:”Вы ведаеце, што я балатавацца ў якасці старшыні не буду. Вы ведаеце па якіх прычынах. Першае і самае галоўнае — рашэннем Еўрасаюза я стаў невыяздным. Не маючы кантактаў і магчымасці выехаць, кіраваць федэрацыяй немагчыма”.

Генадзь Нявыглас узгадаў пра дасягненні і праблемы. На думку экс-кіраўніка федэрацыі, за апошнія 4 гады так і  не атрымалася арганізаваць працу з хлопчыкамі “у дварах і ў класах”. Праз гэта кульгае тэхніка маладых футбалістаў, а “без гэтага развіццё футбола — праблематычнае”.

Аднак, Нявыглас лічыць, што апошняя чатырохгодка — лепшая ў гісторыі нацыянальнага футбола. За мінулы год у Беларусі зафіксаваны самы высокі кафіцыент развіцця клубнага футбола ў Еўропе. Таму старшыні АБФФ не сорамна сыходзіць. Але праца з моладдзю па-ранейшаму адносіцца да праблемных пытанняў беларускага футбола.

Яшчэ адна праблема датычыцца нізкага глядацкага інтарэсу да футбольных клубаў, — мяркуе Генадзь Нявыглас:

“Зрабілі шмат, але многія клубы граюць без прыхільнікаў. Камітэт па СМІ амаль не працаваў”.

Нарэшце, старшыня прапануе рэфармаваць выканкам БФФ. Маўляў, 23 чалавекі і 4 намеснікі — гэта ўчорашні дзень... Больш эфектыўным быў бы савет, які працаваў бы пры кіраўніку Асацыяцыі — па гэтай схеме зараз пабудаванае кіраўніцтва ФІФА. Аптымальная колькасць выканкаму — 12-13 чалавек. І каб гэта былі толькі прафесіяналы ад футбола.

Усе гэтыя пажаданні перайшлі да новага кіраўніцтва федэрацыяй. Найперш Сяргей Румас хоча павысіць колькасць людзей, што гуляюць у футбол.

Сяргей Румас: “За бліжэйшыя чатыры гады нам трэба як мінімум у два разы павялічыць колькасць людзей, якія займаюцца масавым футболам у Беларусі. Найперш дзяўчынак і хлопцаў. А таксама — колькасць спаборніцтваў для ўсіх аматараў футболу”.

Між іншага, новы старшыня ўзгадаў пра недахоп пляцовак. Маўляў, многім футбалістам наўпрост няма дзе трэніравацца. Пакуль у кожным раёне краіны не будзе хаця б па 3-4 палі са штучным пакрыццём і падагрэвам — належнага развіцця футбола ў Беларусі не будзе, упэўнены новы кіраўнік федэрацыі.

Фота: Belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі