Подпісы за Някляева будуць збіраць тры Лукашэнкі і адна Ярмошына
Рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу ў Цэнтрвыбаркаме Ўладзімір Някляеў паехаў на трамваі. А падчас дарогі расказаў, хто стварыў з яго вобраз прарасійскага канд
Журналістаў і актывістаў лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў сабраў ля крамы “Крышталь” непадалёк ад плошчы Перамогі. І адразу папярэдзіў, што павязе ўсіх у ЦВК на трамваі №1. А падчас дарогі правёў кароткую экскурсію па маршруце плошча Перамогі — плошча Мяснікова — Цэнтрвыбаркам.
Уладзімір Някляеў: “Вось глядзіце: першы сімвал — плошча Перамогі. Што ён азначае? Ад перамог да перамог так і пойдзем. Машэрава. Па-рознаму можна ставіцца да гэтага чалавека: так, як да яго ставіцца Генадзь Бураўкін, лічачы, што ён паспрыяў у нейкім сэнсе беларусізацыі, нейкім станоўчым працэсам, якія праходзілі ў Беларусі; а можна казаць, што гэты чалавек зрусіфікаваў нас. І я да гэтай думкі больш схільны”.
І гэтак далей. Выказаўся Някляеў наконт вуліцы Леніна, канцэртнай залы “Мінск”, якая адпачатку называлася Палац палітасветы. Адказаў па дарозе і на пытанне наконт абвінавачванняў яго ў імкненні інтэграваць Беларусь у Расію, з якім выступіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Уладзімір Някляеў: “Я пайшоў на выбары не дзеля таго, каб сябраваць з нейкімі партыйнымі лідарамі, а дзеля таго, каб перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах, вывесці краіну да лепшай долі. Таму зважаць на тое, што будзе казаць пра мяне, каб выявіцца і абазначыцца, нейкі палітычны лідар, ніяк не буду. І ніяк адносіны мае да тых людзей, якія пра мяне рэзка выказваюцца, не змяняцца. Я буду ўсё адно ўспрымаць іх як партнёраў. І разумець, што ім, не маючы магчымасці зладзіць з рэжымам, з Лукашэнкам, ёсць магчымасць выявіцца, спрабуючы зладзіць з Някляевым”.
Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, Някляеў патлумачыў паездку на трамваі эканоміяй сродкаў.
Уладзімір Някляеў: “Гэта ж усё эканоміка! Мы што кажам? Што будзем думаць пра кожны рубель. Вось мы пра яго і думаем. І пра рубель, які ў нас ідзе на выбары. Некаму ўяўляецца, што ў нас бяздонная каса, мех бяздонны. Насамрэч, гэта не так, і нам таксама трэба ўсё лічыць”.
Дайшоўшы да Цэнтрвыбаркама, Някляеў паказаў журналістам стос папер са спісам 2575 сябраў яго ініцыятыўнай групы. Дэманстратыўна падпісаў заяву на імя Ярмошынай з просьбай аб рэгістрацыі яго групы. І пажартаваў, што за яго будуць збіраць подпісы тры Лукашэнкі, адна Ярмошына, пяць Тураў (такое ж прозвішча носіць намеснік міністра эканомікі) і усе кіраўнікі сілавых ведамстваў.
Уладзімір Някляеў: “Пад першым нумарам — Дзмітрыеў Андрэй Уладзіміравіч, як ні дзіўна! (кіраўнік штаба Някляева — Еўрарадыё). Тут, дарэчы, у нас ёсць і Лукашэнка. Нават тры — якія падтрымліваюць Уладзіміра Някляева. Ёсць і спадарыня Ярмошына. Няхай яна не думае, што яна такая ўнікальная. Уся структура, уключна з Камітэтам дзяржбяспекі і Міністэрствам унутраных спраў. У нас толькі, як таго намесніка міністра эканомікі, — Тураў толькі пяць чалавек!”
З чым і накіраваўся ў ЦВК. А па вяртанні кіраўнік някляеўскага штаба Андрэй Дзмітрыеў абвясціў, што ўсё прайшло добра.
Андрэй Дзмітрыеў: “Прагледзелі дакументы наконт сталага пражывання ў Беларусі і сказалі, што праблем няма”.
А Някляеў выказаўся, што спробы калег па апазіцыі размясціць яго на “расійскім полі” вельмі на руку ўладзе.
Уладзімір Някляеў: “Калі на мінулых выбарах Лукашэнку патрэбная была празаходняя апазіцыя, праеўрапейская, і ўсё было зроблена для таго, каб менавіта гэтая апазіцыя ў вобразе Мілінкевіча і была, то на гэтых выбарах яму патрэбная прарасійская апазіцыя. Сёння ў яго найбольш напружаныя адносіны з усходнім суседам. А з Някляева робяць прарасійскага кандыдата. І тут будзе кансалідацыя ўсяго народа супраць расійскай экспансіі”.
Сам жа ён выступае за поўную палітычную незалежнасць Беларусі ад свайго ўсходняга суседа.
Уладзімір Някляеў: “Я ў Маскву прыязджаю і там выпадкова сустракаю чалавека, які працуе ў нашым КДБ і які ў абдымку з таварышам з ФСБ абмяркоўвае сітуацыю ў Беларусі. Вось чаго не павінна быць! А не тое, што наш завод не павінен супрацоўнічаць з рускім заводам”.
А на развітанне заявіў, што пачынае фармаваць свой індывідуальны фінансавы фонд. І рыхтавацца да барацьбы.
Фота: Змітра Лукашука