Прэзентаваная новая мадэль смартфона iPhone 5 (фота, відэа)
Яна істотна адрозніваецца ад двух папярэдніх — iPhone 4 і 4S, але захавала пераемнасць.
Новая мадэль атрымала дысплей з павялічанай да 4 цаляў дыяганаллю, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Сан-Францыска старэйшы віцэ-прэзідэнт Apple па маркетынгу Філіп Шылер.
Корпус уяўляе сабой маналітны брусок таўшчынёй 7,6 мм — гэта на 18% танчэй, чым у iPhone 4S. Задняя крышка новага iPhone цяпер выканана з металу (раней — са шкла). Вага складае 112 грамаў — на 20% менш iPhone 4S.
Смартфон стане першым iPhone, што падтрымлівае працу ў высакахуткасных сотавых LTE-сетках. У ім усталяваны працэсар Apple A6.
Час аўтаномнай працы iPhone 5 большы, чым у iPhone 4S. У рэжыме чакання апарат можа пратрымацца да 225 гадзін (у папярэдніка — 200 гадзінаў).
Смартфон падтрымлівае запіс відэа ў фармаце 1080p. Робячы відэаздымкі, карыстальнік можа паралельна фатаграфаваць.
Новы iPhone мае тры мікрафоны і абноўлены дынамік. Смартфон будзе працаваць пад кіраваннем аперацыйнай сістэмы iOS 6.
Фота — Reuters