Расійскія мільярдэры пабіліся ў тэлестудыі (відэа)
Бойка паміж Аляксандрам Лебедзевым і Сяргеем Палонскім адбылася ў часе запісу перадачы на тэлеканале НТВ.
Абодвух багацеяў, якія ў розны час уваходзілі ў славутыя спісы часопіса Forbes, запрасілі ў студыю, каб пагутарыць на тэму фінансавага крызісу. Разам з імі на запісе быў і вядомы бізнэсмен Сяргей Лісоўскі. Што менавіта справакавала канфлікт, пакуль незразумела. Відавочцы падзеяў нават не ўсачылі, з чаго пачалася сварка. Эксперты па чарзе адказвалі на пытанні гасцей студыі, калі раптам Сяргей Палонскі заявіў, што хоча каму-небудзь набіць пысу. Аляксандр Лебедзеў узняўся з месца і запытаўся, ці не з ім Палонскі хоча пабіцца. І праз нейкі момант сапраўды ўдарыў Палонскага.
Мільярдэры ўжо пакінулі студыю НТВ, але працягваюць скандаліць у віртуальнай прасторы, абменьваючыся прыемнасцямі ў Твітэры і ў сваіх блогах. Запіс гэтай праграмы НТВ абяцае паказаць сёння ўвечары.