Расійскія атамшчыкі разглядаюць Беларусь як пляцоўку для эксперыментаў?

Дакладна не ведаюць нават аўтары праекту беларускай АЭС.

Як паведаміў у гутарцы з Еўрарадыё эксперт расійскай ініцыятывы “Экаабарона” ("Экозащита") Андрэй Ажароўскі, абяцанням кампаніі “Росатам” пра перапрацоўку адпрацаванага ядзернага паліва з Астравецкай АЭС верыць не варта. Спецыяліст падкрэслівае, што сам тып будучай станцыі — эксперыментальны, падобных анідзе ў свеце больш няма. Адпаведна, і прадпрыемстваў, якія перапрацоўвалі б адпрацаванае ядзернае паліва з будучай беларускай АЭС, таксама не існуе.
 
Андрэй Ажароўскі: “Няма прадпрыемстваў, няма нават праекту прадпрыемстваў, якія перапрацоўвалі б адпрацаванае ядзернае паліва рэактараў такога праекту, які ў Беларусі хочуць будаваць. Бо рэактар эксперыментальны — яго яшчэ нідзе няма. І зараз нават уласна сцверджанне пра магчымасць таго, што адкіды паедуць кудысьці на перапрацоўку — неістотна, ці ў Расію, ці ўва Францыю, ці ў Нямеччыну, куды заўгодна — яно таксама не зусім слушнае, бо няма ў свеце ніводнай устаноўкі, якая магла б заняцца перапрацоўкай вось гэтага тыпу адкідаў”.

Дырэктар прэс-службы “Росатаму” Сяргей Новікаў заяву эколага сустрэў з абурэннем.
 
Сяргей Новікаў: “Гэта абсалютная лухта! Мы прапаноўваем да будаўніцтва ў Беларусі АЭС з рэактарам ВВЭР-1200. Ну, гэткія станцыі ёсць у Расіі, Украіне — з рэактарам тыпу ВВЭР. Апошняя пабудаваная — гэта мы пабудавалі ў Кітаі на Цяньваньскай станцыі — гэта два рэактары ВВЭР, якія сёння лічацца самымі бяспечнымі ў свеце”.
 
Аднак, звярнуўшыся непасрэдна да сайтаў “Росатаму” і “Атамбудэкспарту”, якія ўзводзілі рэактары ў Кітаі, Еўрарадыё заўважыла адно, здавалася б, дробнае несупадзенне. На станцыі ў Цяньвані расійскія атамшчыкі ўсталявалі рэактары не ВВЭР-1200, а ВВЭР-1000. Фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі цвердзіць, што за гэткай дробяззю хаваецца найбольшая хлусня.
 
Андрэй Ажароўскі: “Тып рэактару, усталяваны на АЭС у Цяньвань, першы і другі энергаблок — ВВЭР-1000. Гэткім чынам, спадар Новікаў, як заўсёды, намагаецца згуляць на неінфармаванасці журналістаў і ўвогуле спрабуе схлусіць. Рэактар ВВЭР-1200 ані на адной АЭС у свеце не існуе. Вам хочуць прадаць тып АЭС “АЭС-2006” з рэактарнай устаноўкай ВВЭР-1200. А на Цяньвані ўсталяваная АЭС тыпу 92 з рэактарнай устаноўкай ВВЭР-1000”.
 
Абрэвіятура ВВЭР азначае “вада-вадзяны энэргетычны рэактар”, а лічба — яго магутнасць. Эксперт “Экаабароны” заўважае, што прыпадабняць усе вада-вадзяныя рэактары — гэта тое ж самае, што цвердзіць пра падабенства аўтамабіляў “Запарожац” і “Porche”.
 
Андрэй Ажароўскі: “У чым Новікаў мае рацыю: так, тып рэактару — вада-вадзяны, той самы. Але ў дадзеным выпадку гэта абсалютна не істотна, таму што такія рэактары вядомыя з 1950-х гадоў. Дык што, атрымліваецца, усе вада-вадзяныя рэактары — аднолькавыя? Зусім не! Тут магутнасць на 20 адсоткаў павышаная. Гэта абсалютна іншыя характарыстыкі актыўнай зоны рэактара, іншая геаметрыя і іншыя памеры. Ну, уявіце: на 20 адсоткаў прыстасаванне большае! Ім вельмі нязручна прызнавацца ў тым, што яны хочуць на экспарт, то бок фактычна — у Беларусі, будаваць рэактар, які анідзе не выпрабаваны”.
 
Дарэчы, рэактар тыпу ВВЭР-1200 у Расіі пабудаваць усё-ткі плануюць — на Ленінградскай АЭС. Аднак пакуль што ад будучага рэактару там можна пабачыць толькі катлаван. Для таго ж, каб ацаніць, наколькі ўдалы праект, пабудаваць рэактар недастаткова — патрэбныя гады яго безаварыйнай дзейнасці. Адпаведна, праект атамнай станцыі, які прапануецца пабудаваць і ў Беларусі, эксперыментальна не выпрабаваны.
 
Эксперт “Экаабароны” Андрэй Ажароўскі заўважае, што падобная сітуацыя мела месца і раней, калі ў Расіі на замену рэактарам ВВЭР-440 з’явіліся ВВЭР-1000. Тады спатрэбілася каля 10 гадоў, каб наладзіць працу новых рэактараў: з-за адсутнасці папярэдніх выпрабаванняў яны не вытрымлівалі найважнейшыя тэхнічныя патрабаванні. Эколаг паціскае плячыма: Беларусь, несумненна, сутыкнецца з падобнымі праблемамі.
 
Андрэй Ажароўскі: “Гэта вельмі складаны працэс — пераскокванне на іншы нумар. Гэта не тое, што папросту змяніў на паперы нумар: 1000 і 1200. Вось тут мы і чакаем, што будзе працяглы час, пакуль яны наладзяць гэтую тэхналогію. Бо зараз яна толькі на паперы зробленая, Там шмат зменаў. І толькі эксперыментальна можна даведацца, удалыя гэтыя змены ці не. Беларусі прапанаваны эксперыментальны рэактар, і ўсе праблемы будуць выпрабоўвацца там, у вас”.
 
Гэткім чынам, будучая АЭС у Астраўцы няўхільна пераўтвараецца ў эксперыментальную пляцоўку для выпрабаванняў новага тыпу атамнага рэактара. Як цвердзяць расійскія атамшчыкі, гэта самы бяспечны рэактар з усіх існых. Зрэшты, пра Чарнобыльскую атамную станцыю казалі прыкладна падобнае: маўляў, яе можна будаваць хоць на Чырвонай плошчы ў Маскве — аніякай рызыкі не будзе.




Фота з http://www.bellona.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі