Red Hot Chili Peppers і Adele звернуцца да беларусаў

120222 Svjardlou Ultra.mp3

Беларусаў павітаюць Red Hot Chili Peppers і Adele! Іх відэа-зварот мусіць адбыцца падчас урачыстай цырымоніі ўручэння ўзнагарод Ultra-Music Awards 2011. Па словах каардынатара музычнага парталу Ultra-Music Вячаслава Радзівонава, з музыкамі зараз вядуцца перамовы. Сярод іншых сюрпрызаў, прыхаваных для гледачоў імпрэзы – стваральнікі сайту News Belarus Рыгор Пятровіч Белка і Валерый Асіпчык, якія “парвуць” залу ў якасці вядучых цырымоніі.

“Гэта будзе іх першае з’яўленне на сцэне ў вобразе вядучых нейкага мерапрыемства. Але я ўпэўнены – гэта будзе сапраўдны фурор! Яны зробяць усё магчымае, каб было цікава і весела. Ды і ўвогуле – такога яшчэ не было!” – інтрыгуе Радзівонаў.

І сапраўды, Ultra-Music ладзяць першую буйную ў сваёй гісторыі цырымонію, на сцэну якой уздымуцца як пераможцы галасавання ці іх прадстаўнікі, так і цмокі беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Сярод іх – этна-трыа “Троіца”, якое ўпершыню зробіць клубную прэзентацыю “Зімачкі”, гурты Pomidor/Off, IQ48, "Петля Пристрастия" і іншыя.

Нагадаем, уручэнне ўзнагарод Ultra-Music Awards праводзіцца ўжо трэці год запар. Пераможцаў у кожнай з намінацый выбіраюць наведвальнікі сайта шляхам галасавання. Вынікі сёлетняга галасавання не засталіся без сюрпрыза. Так, лепшай беларускай песняй мінулага года нечакана названая кампазіцыя “Острожно” малавядомага гурта “Не прислоняться the band”. І хоць “дзесяткі” удзельнікаў ва ўсіх шасці намінацыях былі даволі прадказальнымі, гэты вынік здзівіў і арганізатараў, і іншых фіналістаў.

“Як і ва ўсіх інтэрнэт-галасаваннях перамагае той, хто больш за ўсіх агітуе і спаміць праз сяброў, знаёмых, сацыяльныя сеткі, – распавядае Вячаслаў Радзівонаў. – Таму трэба заўсёды рыхтавацца, што пераможа які-небудзь нечаканы гурт. У прынцыпе я лічу, што яны за сваю перамогу пастараліся. Хто агітуе – той і перамагае”. 

У выніку каманда “Не прислоняться the band” моцна пакрыўдзілася на словы Вячаслава Радзівонава, а на прасторах Інтэрнэта пачалася дыскусія, ці варта называць пераможцаў спамерамі, якім бы коштам ім гэтая перамога ні далася.

Дарэчы, пераможцы ў іншых намінацыях выглядаюць такім чынам: лепшым замежным альбомам названы “I'm With You” Red Hot Chili Peppers, лепшай замежнай песняй – “Rolling in the Deep” Adele. У намінацыі “Лепшы беларускі альбом” чакана перамаглі “Весёлые картинки” “Ляпісаў”. “Кліп году ў Беларусі” знялі Litesound на кампазіцыю “See You in Vegas”. А “Лепшым канцэртам 2011-га ў Беларусі” прызнаны выступ у Мінску амерыканска гурта “30 Seconds to Mars”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі