Смерць Алега Бябеніна дагэтуль выклікае шмат пытанняў
Пра заснавальніка сайта charter97.org згадвае Наталля Радзіна.
Еўрарадыё: Якім быў журналіст Алег Бябенін?
Наталля Радзіна: Гэта быў цудоўны прафесійны журналіст, які пачаў працаваць у незалежнай прэсе на самым пачатку яе з’яўлення ў Беларусі, напачатку 90-х гадоў. Быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Імя”да 1997 года, потым быў адным з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы Хартыя-97, і заснавальнікам сайта хартыі. Гэта было ў 1998 годзе.
Алег быў перш за ўсё вельмі добрым сябрам, вельмі жыццярадасным чалавекам, які вельмі любіў жыццё. І я ні за што ў свеце не паверу, што гэты чалавек, які быў патрэбны паўсюль, пачынаючы ад сям’і, дзіцяці і заканчваючы сябрамі і калегамі па працы. Чалавек, які пагадзіўся ўзначаліць выбарчы штаб Андрдэя Саннікава, мог пайсці з жыцця вось так, за некалькі дзён да абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў. Яго смерць выклікае вельмі шмат пытанняў. І я магу сказаць проста, што я не веру ў версію самазабойства. Я ўпэўненая, што гэта ўсё ж было забойства.
Еўрарадыё: Ці збіраецеся вы, калегі, сябры, прадпрымаць штосьці каб зноў узбудзіць крымінальную справу па факце яго смерці?
Наталля Радзіна: Я абсалютна не бачу сэнсу, патрабаваць чагосьці ад цяперашніх уладаў. Пры новай уладзе абавязкова будзе ўзбуджаная крымінальная справа па факту яго смерці і будзе праведзенае незалежнае расследаванне з прыцягненнем лепшых крыміналістаў як Беларусі, так і замежжа.
Сёння гэта абсалютна бессэнсоўна, таму што у Беларусі забівалі і выкрадалі лідэраў апазіцыі і журналістаў. Усе мы ведаем пра лёс Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага, Анатоля Красоўскага, пра нечаканую смерць Генадзя Карпенкі. Ніхто іх смерці абсалютна не расследуе, хоць ужо прайшло каля дванаццаці год. Тое ж і са смерцю Алега – улады не зацікаўленыя ў расследаванні гэтых гучных злачынстваў. Яны заўсёды будуць хаваць сапраўдную прычыну . І гэта толькі паказвае, што яны маюць дачыненне да забойстваў і да смерцяў вядомых у Беларусі людзей.
Еўрарадыё: Эксперты з захаду, што прыязджалі пасля смерці Алега Бябеніна таксама пацвердзілі, што гэта было самагубства?
Наталля Радзіна: Яны гэтага не пацвердзілі. У сваёй справаздачы пасля візіту ў Беларусь яны адзначылі, што насамрэч ім не было дадзена магчымасці правесці паўнавартасную праверку смерці Алега. Яны ўсяго толькі азнаёміліся з матэрыяламі справы, якую вялі беларускія супрацоўнікі праваахоўных органаў. Зразумела, што ім проста ўпіхнулі тое, што беларускія міліцыянты і пракуроры пісалі на замову ўладаў. То бок тут зразумела, як ва ўмовах дыктатуры працуе пракуратура, працуе міліцыя, мы ўсе гэта назіраем сямнаццаць год. Не можа быць размовы ні пра прафесіяналізм, ні пра аб’ектыўнасць. Гэта былі эксперта АБСЕ, што проста пазнаёміліся з матэрыяламі расследавання.
Еўрарадыё: А пасля таго, як яны вярнуліся, яны далі ход гэтай справе?
Наталля Радзіна: Не, яны толькі склалі справаздачу пра тое, што яны азнаёміліся з матэрыяламі – падкрэслю – афіцыйнага расследавання.
Еўрарадыё: Ці ўздымае зараз хто-небудзь на міжнародных сустрэчах рознага ўзроўню тэму смкрці Алега Бябеніна?
Наталля Радзіна: Я заўсёды на ўсіх сустрэчах з еўрапейскімі палітыкамі і праваабаронцамі кажу пра гэтую смерць і пра тое што гэта было забойства і пра тое, што трэба праводзіць расследаванне. Усе выказваюць заклапочанасць. Я ні разу не сустрэла ні аднаго еўрапейца, які б думаў, што гэта самагубства. Усе сумняюцца, што гэта самазабойства.