Спецдакладчыкам ААН па Беларусі прызначаны Міклаш Харашці
Адпаведнае рашэнне было прынятае 28 верасня на праходзілай у Жэневе 21-й сесіі Савета па правах чалавека.
Супраць прызначэння выступілі некалькі краін, у прыватнасці, Расія і Куба. Яны заявілі, што ад самага пачатку не падтрымлівалі ідэю прызначыць спецдакладчыка па Беларусі, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, што Харашці узначальваў місіі АБСЕ па назіранні за выбарамі ў розных краінах. Ён таксама займаў пост прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ, мае досвед працы з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасцю.
Мандат спецдакладчыка ААН па Беларусі быў скасаваны Саветам ААН па правах чалавека ўлетку 2007 года. На скасаванні мандата настойвалі беларускія ўлады, якія вінавацілі спецдакладчыка Адрыяна Севярына ў палітычнай ангажаванасці і скажоным інфармаванні ААН пра сітуацыю ў краіне.
Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Міхаіл Хвастоў, каментуючы агенцтву БЕЛТА прызначэнне Харашці, выказаўся крытычна. Ён нагадаў, што Беларусь загадзя папярэдзіла, што не прызнае спецдакладчыка і не будзе з ім супрацоўнічаць.
Хвастоў кажа, што прызначэнне спецдакладчыка супярэчыць інтарэсам нашай дзяржаўнай бяспекі, з'яўляецца ўмяшаннем у сферу дзейнасці беларускіх інстытутаў улады і беларускай грамадзянскай супольнасці.
Фота — forum.inosmi.ru