Справа Астапчук. Лёгкаатлетка, магчыма, зможа выступіць на Гульнях у Рыа
Такую верагоднасць Еўрарадыё пацвердзіў чыноўнік Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Нацыянальны антыдопінгавы камітэт ужо абвесціў сенсацыйныя звесткі па “справе Астапчук”: бессэнсоўны допінг метэналон 30 ліпеня спартсменцы падсыпаў трэнер. Цяпер з гэтымі звесткамі павінны азнаёміцца кампетэнтныя міжнародныя чыноўнікі.
Еўрарадыё тэлефануе ў Манака, дзе месціцца Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі (МФЛА). Пытаемся ў Яніса Нікалаоу, менеджара па сувязях, як яго ведамства паставілася да вынікаў беларускага расследавання.
Фота са старонкі Яніса Нікалаоу у сацыяльных сетках
Яніс Нікалаоу: Выпадак пакуль не быў абмеркаваны і падсумаваны. Для гэтага патрэбны час. Звычайна — каля двух месяцаў. У дадзены момант мы атрымоўваем дакументы з Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Еўрарадыё: І што будзе прадпрымацца пасля атрымання дакументаў з Беларусі?
Яніс Нікалаоу: Будзем правяраць, ці ўсё зроблена адпаведна правілам. Мы праверым, якія маюцца доказы, дакументы. І дадзім адказ у Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі: ці ўсё нармальна з нашага пункту гледжання. Пасля беларуская Федэрацыя прыме сваё рашэнне.
Еўрарадыё: То бок, рашэнне застаецца за нашай федэрацыяй лёгкай атлетыкі?
Яніс Нікалаоу: Першыя, хто вырашыць пытанне па дыскваліфікацыі — беларуская федэрацыя. Пасля яны звяртаюцца ў Міжнародную федэрацыю па візу. Мы альбо зацверджваем іх рашэнне, альбо не. Часам не даем візы і звяртаемся ў Нацыянальную федэрацыю, каб там змянілі рашэнне, калі яно няправільнае.
Еўрарадыё: Якое пакаранне можа чакаць Надзею Астапчук?
Яніс Нікалаоу: Можа быць год, два гады дыскваліфікацыі і больш. З майго досведу такі выпадак цягне за сабой двухгадовую дыскваліфікацыю, але зараз складана сказаць.
Еўрарадыё: Калі будзе двухгадовая дыскваліфікавацыя, ці зможа Астапчук выступіць на наступных Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра?
Яніс Нікалаоу: Так, ёсць верагоднасць, што зможа.
Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што беларускіх атлетаў празмерна засуджваюць, стаўленне з палітычных прычын неаб’ектыўнае…
Яніс Нікалаоу: Дыскваліфікацыі здараюцца са спартсменамі з розных краін. Перад Алімпіядай у Лондане у нас быў допінгавы выпадак у Злучаных Штатах: Дэбі Дан, 400 метраў, атлетка з нацыянальнай зборнай. Беларусь для нас — як усе іншыя краіны. Як любая іншая краіна. Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі — сябар нашай арганізацыі. Але калі атлет робіць нешта дрэннае, то гэта непрымальна. Прымаць стэроіды — гэта дрэнна.
Фота: AFP