Студэнт: У фруктовыя аддзелы больш не заходжу, а халадзільнік пусты
Пасля дэвальвацыі беларускія студэнты атрымаюць стыпендыі на 5 долараў больш, але гэтых сродкаў усё адно хапае на 5-7 дзён.
Міністр эканомікі Андрэй Тур заявіў, што з 1 верасня будуць падвышаныя стыпендыі і пенсіі. Сёння мінімальная стыпендыя ў беларускіх ВНУ складае 149 тысяч рублёў. У залежнасці ад абранага ўніверсітэта, студэнты-бюджэтнікі могуць атрымоўваць і болей.
Ва ўпраўленні сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінадукацыі Еўрарадыё распавялі, што студэнты БДУ атрымоўваюць стыпендыю на 30 працэнтаў больш — пад 200 тысяч. Навучэнцам яшчэ 6 ВНУ: БНТУ, БДЭУ, БДПУ, Універсітэта культуры, Сельска-гаспадарчай акадэміі і Акадэміі музыкі — плацяць каля 173 тысяч.
Усім астатнім прыйдзецца круціцца з “мінімалкай”. Але ёсць магчымасць павысіць свой матэрыяльны стан праз добрыя адзнакі. Навучэнцы гуманітарных спецыяльнасцяў з сярэднім балам 9 і болей атрымоўваюць 50-працэнтную надбаўку, тэхнары — 60-працэнтную.
Такім чынам, самую высокую стыпендыю атрымоўваюць выдатнікі БДУ — аж 290706 рублёў. Калі месяц таму гэта было 92,5 долара, то цяпер — 59. Памер стыпендыі знізіўся на 43,5 долара. Студэнт рэгіянальнага ўніверсітэта абыходзіцца 149 тысячамі рублёў. Раней гэта было 47,5 долараў, цяпер — толькі 30.
Студэнт БНТУ Юрый атрымлівае стыпендыю ў 200 тысяч.
“Раніцай звычайна ем аўсянку з варэннем, якая раней каштавала тысячу рублёў, а цяпер — дзве, — распавядае студэнт. — На абед хаджу ў сталовую. Раней абед каштаваў у сярэднім 6-7 тысяч рублёў, цяпер абыходзіцца ў 12. Пры тым, што сталовая БНТУ адна з самых танных у Мінску. Увечары ўчора еў рыс, пачак якога зараз каштуе 6 тысяч, а раней быў удвая танней. Яшчэ кансерваваную кукурузу, якая цяпер каштуе 5 тысяч, а раней таксама была ўдвая танней. Зараз на ежу ў дзень мне патрэбна 30 тысяч рублёў, калі сябе ўціскаць”.
Паводле сціплых падлікаў, стыпендыі Юрыю хапае на 5-7 дзён. Студэнт кажа, што апошнім часам лядоўня ў яго амаль пустая — да новых коштаў яшчэ не прызвычаіўся. Якасць харчавання знізілася, бо хлопец намагаецца набываць самыя танныя прадукты.
“Пасля падвышэння коштаў у фруктовы аддзел не заходжу, таму што кошты там “гуляюць” вельмі высока. Здаецца, усе грошы дзяржава накіроўвае на вёску, усё вырошчваем — і ўсё роўна ўсё так дорага!”
Ва ўпраўленні сацыяльна-эканамічнага развіцця кажуць, што з сакавіка стыпендыі індэксуюцца. Умовай для індэксацыі з’яўляецца перавышэнне інфляцыі ў 5 працэнтаў.
“У сярэднім за красавік беларускім студэнтам была выплачаная індэксацыя ў памеры 23,4 тысячы рублёў. Яна залежыць ад стыпендыі. Максімальны памер індэксацыі — 34,6 тысячы рублёў, мінімальны — 17,7 тысяч рублёў”.
Такім чынам у пераліку на валюту індэксацыя склала 3,5-7 долараў.
Фота: photo.bymedia.net