Суды над польскімі актывістамі ў Гродне адклалі
Новая дата судовых паседжанняў невядомая.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на старшыню галоўнай рады неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Андрэя Пачобута.
Суды мусілі прайсці 4 чэрвеня. Меркавалася, што будуць судзіць восем актывістаў арганізацыі. У пятніцу іх адпусцілі, паведаміўшы, што выклічуць у суд 4 ці 5 чэрвеня тэлефонным званком, аднак ніводзін актывіст такога званка не атрымаў, кажа Пачобут. Калі актывісты самі прыйшлі ў суд і міліцыю, ім сказалі, каб чакалі тэлефанавання.
Нагадаем, 1 чэрвеня ў Гродне адбыўся несанкцыяваны пікет супраць русіфікацыі польскай школы. Каля аблвыканкама міліцыя затрымала каля 20 чалавек, у тым ліку некалькі журналістаў.