Таксістаў прапануюць навучыць англійскай, а машыны перафарбаваць
Мінтранс пачынае рыхтавацца да чэмпіянату свету па хакеі.
Кіроўцы таксі павінны ведаць замежную мову, ведаць горад і выглядаць годна. Такія пажаданні выказаў віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін, а Мінтранс цяпер іх рэалізуе.
"Ён выступіў з заявай, каб мы годна выглядалі на чэмпіянаце свету. Каб кіроўцы таксі ведалі замежную мову, добра арыентаваліся ў горадзе, годна былі апранутыя і аўтамабілі выглядалі годна. У яго выступе былі такія пажаданні. Вось яны зараз такім чынам разглядаюцца грамадскім саветам, а потым міністэрствам. Савет толькі рэкамендуе, а рашэнні будуць прымацца ў міністэрстве", — кажа намеснік гендырэктара прадпрыемства "Транстэхніка" Валерый Міленькі, старшыня секцыі аўтамабільнага транспарта Грамадскага савета пры Мінтрансе, дзе абмяркоўвалі новаўвядзенні.
Якія ж прапановы выносіліся?
Аўтамабілю таксі не павінна быць больш за 10 гадоў. Такія правілы дзейнічалі яшчэ некалькі гадоў таму, пасля іх адмянілі. У выніку мінскае таксі стала кантрасным: ад новенькіх дарагіх машын да старых развалюх. Прапанову вярнуць 10-гадовае абмежаванне Грамадскі савет адхіліў, бо пакуль няма магчымасці "мяняць таксі, як пальчаткі".
"Дзесяцігодка не рэальна. Вельмі высокая пошліна, і зноў гэта ляжа на плечы пасажыра, — каментуе адміністратар сайта taxist.by, кіроўца таксі Алеся. — У нас машыны не акупляюцца. Гэта проста ўласная машына. Я пайшла працаваць у таксі, але яе не акупляю, зарабляю на паесці і на рамонт".
Паставіць на таксі спецыяльныя ліхтары.
На ўсю шырыню машыны прапануюць усталяваць ліхтар. Туды ўбудаваць прыборы для навігацыі і сувязі з дыспетчарам. Але пакуль пытанне адклалі, бо няма канкрэтнага прыклада ліхтара.
Валерый Міленькі: "Даручылі арганізацыі, што займаецца падобнымі пытаннямі, распрацаваць і ўнесці на разгляд эскіз адзінага ліхтара, які б можна было выкарыстоўваць".
Перафарбаваць аўтамабілі ў жоўты колер.
Такая прапанова была, але яе не прынялі, бо аўтамабілі таксі не ўтылізуюцца, а перапрадаюцца.
"Гэта не рэальна, бо праз 3-4 гады ўвесь горад будзе ў жоўтых машынах. Ці таксістам давядзецца пафарбаваць машыну, каб прадаць, а да гэтага перафарбаваць, каб працаваць", — кажа таксістка Алеся.
У будучыні будзе разглядацца пытанне пра ўвядзенне "карты кіроўцы аўтамабіля-таксі", своеасаблівай ліцэнзіі. Хаця самі таксісты не вельмі ўхваляюць гэта.
Таксама ходзяць размовы аб увядзенні абмежаванняў на колькасць аўтамабіляў таксі ў гарадах.
Ёсць ідэя ўсталяваць на ўсе аўтамабілі спадарожнікавую навігацыю, каб аўтаматычна прымаць замовы. Але пакуль гэта ў перспектыве.
Пакуль гэта рашэнні Грамадскага савета, які мае толькі дарадчы голас. Міністэрства транспарту можа зрабіць інакш. Тым больш што прадстаўнікоў мінскіх таксі ў Савеце няма, але ёсць прадстаўнікі магілёўскіх перавозчыкаў, кажа дырэктар таксі 107 Ігар Верхавец.
"Мінскае ніводнае таксі там не прадстаўлена. Зараз асацыяцыя "Сталічнае таксі" выйшла на Мінтранс і спрабуе дамагчыся, каб туды ўключылі прадстаўнікоў сталічных таксі. Атрымоўваецца, што магілёўскае таксі робіць надвор'е і для Мінска, і для іншых. Такая пазіцыя нас не задавальняе".
Але ж склад савета зацверджаны міністрам, таму і змяніць яго можа толькі ён.
Фота: avtoholding.kiev.ua