Тацяна Равяка: Бяляцкага абараняе добры адвакат

110812 Ravjaka2S.mp3

 

Еўрарадыё: Ці былі якія нечаканасці падчас прад’яўлення абвінавачання?

Тацяна Равяка: “Абінавачанне прад’яўлена па тым артыкуле па якім ён і быў затрыманы 8 дзён таму – частка 2 артыкула 243 крымінальнага кодэксу рэспублікі Беларусь, утойванне прыбытку ў асабліва буйным памеры”.

Еўрарадыё: Пра што можа сведчыць той факт, што абвінавачанне выстаўлена адносна хутка ?

Тацяна Равяка: “Ёсць устаноўленыя законам тэрміны: чалавек можа ўтрымлівацца пад вартай без прад’яўлення абвінавачвання да 10 сутак. Гэтыя дзесяць сутак заканчваюцца ў нядзелю і, я думаю, следчая група проста вырашыла пакінуць сабе выходныя вольнымі і абвінавачанне прад’яўлена на восьмы дзень. Так што гэта звычайная працэдура і яна не выходзіць за межы патрабаванняў крымінальна-працэсуальнага кодэкса. ”.

Еўрарадыё: Што будзе далей?

Тацяна Равяка: “Я хацела б адзначыць, што на сённяшні дзень не было прынятае новае рашэнне пра меру стрымання, яна пакінутая ранейшай. І новае рашэнне пра меру стрыманьня будзе прынятае ў нядзелю па заканчэнні дзесяці сутак і яно можа быць як знаходжанне пад вартай Алеся Бяляцкага, так і вядзенне следства і вызваленне алеся пад падпіску аб нявыездзе. Канешне для нас з’явілася невялічкая надзея на тое, што Алесь усё ж выйдзе са следчага ізалятара, і нават калі будуць ісці следчыя дзеянні, то Алесь зможа выбудоўваць сваю абарону і нейкія свае дзеянні на свабодзе. На адноснай свабодзе, вядома, але ўсё ж не ў турэмнай камеры”.

Еўрарадыё: Ці ёсць магчымасць дамагчыся гэтай змены меры стрымання?

Тацяна Равяка: “Следства само вырашыць. Магчыма яно мае нейкія аргументы за ці супраць. Але дамагчыся гэтага немагчыма, гэта рашэнне, якое прыме следства. Наш голас, голас грамадскасці можа і будзе ўскосна на гэта ўплываць, але ён не будзе вырашальным”.

Еўрарадыё: Колькі часу могуць заняць следчыя дзеянні да суда?

Тацяна Равяка: “цяжка сказаць, гледзячы, які аб’ём матэрыялаў ёсць у следчай групы, я матэрыялы далучаюцца. Дакументы, выдадзеныя польскім бокам будуць яшчэ асобна далучацца і па іх будзе весціся вялікая праца. Залежыць і ад  таго, якую пазіцыю зойме адвакат, якім чынам ён будзе высвятляць тое, ці з’яўляліся гэтыя грошы асабістым даходам Алеся. Я проста ня ведаю яшчэ да канца ўсе тыя захады, якія намераны прадпрыняць адвакат дзеля абароны свайго падабароннага”.

Еўрарадыё: А хто абараняе Алеся Бяляцкага?

Тацяна Равяка: Алеся абараняе вельмі харошы, малады, вельмі разумны адвакат. Я з задавальненнем назвала б яго прозвішча, але ў той сытуацыі, у якой зараз працуюць адвакаты, нам трэба думаць пра ягоную бяспеку. Таму што залішняя публічнасць адваката кепска ўплывае на працяг ягонай ліцэнзіі. Нам хацелася б у сённяшняй сітуацыі, каб адвакат крыху заставаўся ў ценю ад публічнасці і мог выконваць свае адвакацкія прафесійныя функцыі. Для нас гэта найбольш важна. Таму просім усіх журналістаў не крыўдіцца, ніхто не спрабуе ўтойваць імя і прозвішча адваката,але зараз у мэтах бяспекі варта каб адвакат займаўся юрыдычным бокам і менш падпадаў пад увагу тых органаў, якія могуць паўплываць на ягоную далейшую прафесійную дзейнасць”.

Еўрарадыё: Ці маеце вы інфармацыю пра тое, каго апроч Алеся Бяляцкага могуць датычыцца дакументы, перададзеныя польскім бокам?

Тацяна Равяка: “Не, на жаль. Мы чакалі, што сённяшні дзень праясніць сітуацыю, але да гэтага часу застаемся ў напружанні, таму што незваротна дакладную інфармацыю нам абяцаюць прадаставіць у панядзелак зранку. Зараз па-ранейшаму кожны можа лічыць сябе адным з гэтых пятнаццаці чалавек  і хвалявацца за свой лёс. Пакуль што дакладна з нас гэтае хваляванне не знялі”.

Еўрарадыё: Станіслаў Шушкевіч лічыць перадачу Польшчай дакументаў трагічнай памылкай. Як вы лічыце?

Тацяна Равяка: “У прынцыпе я таксама схільная верыць у тое, што гэта трагічная памылка. Мне не хацелася б думаць інакш і нейкія схемы маляваць у галаве, таму што зусім перастанеш верыць і ў людзей, і ў сяброў, і ў сяброўскія міждзяржаўныя ўзаемаданосіны. Я хачу верыць, што гэта была сапраўды памылка. Канешне, яна нам вельмі дорага каштуе, каштуе Алесю ягонай свабоды але не хачу верыць, што гэта было зроблена наўмысна. Да гэтага часу я веру, што гэта ненаўмысна”.

Еўрарадыё: Як ідзе збор паручальніцтваў за Алеся Бяляцкага?

Тацяна Равяка: “Прыходзяць да нас людзі, паручальніцтваў з кожным днём становіцца ўсё больш. Сёння маці Дзмітрыя Завадскага прыходзіла, каб паручыцца за Алеся. Паручыўся Павел Сапелка, адвакат, які пазбаўлены ліцэнзіі. Многія людзі прыходзяць, мы іх не ведаем, яны не публічныя, але яны таксама робяць такі крок. Таксама ва ўсіх нашых рэгіянальных аддзяленнях у сямнаццаці гарадах краіны – бо Вясна гэта вялікая арганізацыя, нацыянальная арганізацыя - замоўлены пікеты. І мы чакаем што 22 і 23 жніўня нашым калегам праваабаронцам удасца правесці гэтыя пікеты салідарнасці  і пратэст супраць арышту Алеся Бяляцкага. І канешне па-ранейшаму нам пішуць нашыя калегі з усяго свету і са словамі падтрымкі ў бок Алеся і таксама з пратэстамі ў бок беларускіх уладаў. Сёння ў мяне быў вельмі прыемны момант, які звязаны не з палітыкай, а чыста з чалавечымі адносінамі. Я ў Вільні замовіла кніжку і папрасіла друкарню, каб яны падлічылі, які наклад яны могуць зрабіць на тыя грошы, якімі мы валодаем. Яны напісалі: на гэтыя грошы можна разлічваць на такі наклад, але ўлічваючы сітуацыю, у якой сёння аказалася Літва, сітуацыю віны перад Беларуссю, нашае выдавецтва выдаткуе на выданне гэтай праваабарончай кніжкі дадатковыя грошы. Гэта было не звязанае з палітыкай. І мне вельмі прыемна, што людзі суперажываюць і перажываюць, што іх дзяржавы аказаліся не ў самай лепшай сітуацыі, калі простым грамадзянам даводзіцца выбачацца за крокі свайго кіраўніцтва. Такія сітуацыі хоць і не вызваляюць Алеся з ізалятара, але яны вельмі для нас важныя. Мы іх бачым і цэнім і безумоўна хацелася б, каб яны прывялі да вызвалення як Алеся так і усіх палітычных вязняў, якіх сёння ў Беларусі даволі шмат. Ёсць надзея, што іх з кожным днём будзе менш, гэта і памілаванне, і ня ведаю, што яшчэ будзе прадпрынята. Але я вельмі спадзяюся што ўсе крокі, якія робяць і беларускія грамадзяне, і праваабаронцы, і міжнародная супольнасць, і нашыя бліжэйшыя суседзі – што ўсе яны прывядуць да поўнага вызвалення ўсіх палітвязняў Беларусі”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі