ЦВК: Байкатуйце, калі ласка. Толькі за свае грошы
Хвіліна выступу ў тэлеэфіры для кандыдата каштуе 6 мільёнаў рублёў. Нікому не цікава.
“Я заўсёды гэта і казаў. Выбарчым кодэксам агітацыя за байкот не забароненая. Калі ласка, байкатуйце. Але бясплатны эфірны час на радыё і тэлебачанні і месца ў газетах для гэтага не выдзяляецца”, — гэта сакратар ЦВК Мікалай Лазавік тлумачыць мне, што ў Беларусі нікому не забаронена агітаваць за байкот выбараў.
Насамрэч, не забаронена! У Выбарчым кодэксе знаходжу толькі адну згадку пра байкот! Там гаворыцца, што заклікаць да яго нельга толькі ў дзень выбараў. А значыць, можна ва ўсе астатнія дні кампаніі.
Адзін з гарачых прыхільнікаў кампаніі байкоту, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, калі чуе пра законнасць сваіх патрабаванняў, пачынае пералічваць прыгоды паплечнікаў. Адным з апошніх сяброў БХД, пакараных падчас заклікаў да байкоту, стаў Дзяніс Садоўскі. Атрымаў 10 сутак — міліцыянты злавілі яго, калі клеіў на стэнд улётку.
Рымашэўскі не верыць словам Лазавіка пра магчымасць выступіць на тэлебачанні з заклікамі да байкоту за свае ўласныя грошы. Але набыць пяць тэлехвілін часу на БТ не спрабаваў.
Каштуе такі выступ 6 мільёнаў рублёў за хвіліну. На радыё — удвая менш. У Белтэлерадыёкампаніі кажуць, што ніводзін кандыдат у дэпутаты магчымасцю дадаткова з’явіцца ў тэле- і радыёэфіры не скарыстаўся. Пяць хвілін выступу пра байкот каштуюць 30 мільёнаў рублёў, ці 3,5 тысячы долараў.
У палітолага Сяргея Альфера пытаю, ці апраўданая тактыка байкоту, абраная некаторымі палітычнымі партыямі. Эксперт мяркуе, што беларусы пойдуць на выбары незалежна ад сваіх палітычных поглядаў.
“Беларускі грамадзянін — ён дастаткова законапаслухмяны. Тым больш, што на яго ўздзейнічае яшчэ і адміністрацыйны рэсурс. А ён будзе”.
“Я заўсёды гэта і казаў. Выбарчым кодэксам агітацыя за байкот не забароненая. Калі ласка, байкатуйце. Але бясплатны эфірны час на радыё і тэлебачанні і месца ў газетах для гэтага не выдзяляецца”