У Беларусі шукаюць небяспечныя замарожаныя кітайскія клубніцы
Міністэрства аховы здароўя разаслала ў занальныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі інфармацыйны ліст з патрабаваннем знайсці і канфіскаваць з продажу гэты прадукт.
Паведамляецца, што клубніцы з'яўляюцца верагодным фактарам перадачы норавіруснай інфекцыі.
Аб небяспецы кітайскіх клубніцаў стала вядома пасля ўспышкі інфекцыі ў Нямеччыне — там атруціліся тысячы дзяцей і падлеткаў. Высветлілася, што небяспечная прадукцыя пастаўлялася таксама і ў Расію. Таму і ўстрывожылася Міністэрства аховы здароўя нашай краіны — ёсць верагоднасць, што клубніцы праз празрыстую мяжу маглі патрапіць і на беларускі рынак, паведамляе "Ежедневник".