У Брэсце для “экстрэмісцкай” брашуры не знайшлося эксперта

Сёння суд Брэсцкага раёна пагадзіўся на пазарэгіянальную экспертызу брашуры хрысціянкі Алены Гнаук “Асаблівае меркаванне, або зварот хрысціянкі”. Як і просіць аўтарка, брашура можа быць накіраваная на экспертызу ў Акадэмію навук Рэспублікі Беларусь. Толькі калі Алена Гнаук  перадаплатай унясе ўвесь кошт экспертызы, 6 мільёнаў беларускіх рублёў.

“Гэты момант паказвае недасканаласць нашай сістэмы.  Я адказваю ў гэтай справе, ініцыяванай іншымі людзьмі, арганізацыямі, і каб неяк абараніць сваё імя, мушу плаціць грошы. Для мяне і мільён гэта шмат. Займаюся духоўнай справай, а гэты занятак і грошы несумяшчальныя. Ды і за грошы зарукі ніякай: сістэма незалежнай экспертызы ў Беларусі фактычна адсутнічае. Тамму, верагодна, давядзецца звяртацца ў міжнародныя структуры”, — кажа Алена Гнаук.

Нагадаем, увесну жыхарка  вёскі Вялікія Матыкалы пад Брэстам разаслала  сваю брашуру ў дзяржструктуры, у тым ліку ўрад. У ёй яна між іншага заклікае ўлады павініцца ў крызісе і пайсці на стварэнне механізму пагаднення з апазіцыяй. Вынік: упраўленне КДБ па Брэсцкай вобласці звінаваціла аўтарку ў экстрэмізме і сектанцтве і праз пракуратуру ініцыявала судовы разгляд.

Суддзя Уладзімір Шаламіцкі раней з хадайніцтва Алены Гнаук адхіліў экспертызу за подпісам дацэнта і рэктара мясцовага ўніверсітэта, якая пацвердзіла высновы КДБ. Тэкст быў накіраваны ў камісію па процідзеянні прапагандзе парнаграфіі, гвалту і жорсткасці пры Брэсцкім аблвыканкаме.  Але тая не схацела займацца брашурай, маўляў, не іх кампетэнцыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі