У Брэсце прайшла прэс-канферэнцыя праваабаронцаў “Жанчыны пад вартай”

Беларускія ўлады адпрэчылі скаргі брэстчанкі, якую ў кастрычніку 2007 года назад арыштавалі на 5 сутак за развешванне сініх стужак. А вось Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын ААН рэкамендуе Беларусі прыняць меры, каб “забяспечыць жанчынам-зняволеным фізічную і псіхічную недатыкальнасць, адмысловыя ўмовы і сродкі гігіены”. Таксама Камітэт лічыць належным адэкватнае ступені парушэння правоў матэрыяльнае адшкадаванне пацярпелай.
Нагадаем, што 20-гадовую на той час Інгу Абрамаву ў ізалятары часовага ўтрымання спрабавалі абшукаць міліцыянты-мужчыны, да яе звярталіся па нумару ложка. У камеры было холадна і цёмна, а калі Інга Абрамава чытала стоячы, каб было бліжэй да лямпачкі, яе называлі вар’яткай. Ёй у камеру падкінулі здохлага пацука і рабілі непрыстойныя прапановы.
Праваабаронца Раман Кісляк сказаў: "Мы спадзяемся, што цяпер не толькі ў Брэсце, але і ў іншых гарадах,
асабліва там, дзе ёсць вялікія ІЧУ з жаночымі камерамі, з’явяцца жанчыны-міліцыянты. Таксама чакаем, што будуць устараняцца асабліва адмоўныя праявы дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, сексуальныя дамагальніцтвы
ў ізалятарах і пры кантактах з міліцыянтамі". 
Спадар Кісляк паведаміў, што на разглядзе ў ААН знаходзіцца яшчэ тры скаргі беларусак Ганны Канюс, Паліны Панасюк і грамадзянкі Польшчы Вольгі Пічугінай. Спадарыня Пічугіна патрабуе ад урада Беларусі кампенсацыі ў 500 тысяч еўра (у ізалятары перанесла інсульт без медыцынскай дапамогі).
Прысутныя праваабаронцы і дэмактывісты засведчылі, што скаргі маюць эфект. Прынамсі, у ізалятарах з’явіліся матрасы і падушкі, біятуалеты без відэакамер і мыла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі