У Брэсце прайшоў чэмпіянат Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ
На ім адбыўся адбор на чэмпіянат Еўропы, які пройдзе ў чэрвені.
Чэмпіянат у Брэсце быў сумешчаны з першынствам краіны сярод юніёраў 1993-1994 гадоў нараджэння. Агулам удзельнічалі 258 спартоўцаў з усіх абласцей.
Дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па веславанні на байдарках і каноэ Яўген Чучкевіч так ацэньвае вынікі спаборніцтваў:
Чучкевіч: "У прынцыпе, нечаканасцяў не было. Чакалася больш барацьбы ў байдарцы-двойцы на 1000 метраў. Прыгожы заезд быў у байдарцы-чацвёрцы. У каноэ-двойцы на 1000 метраў была барацьба. Тут браты Багдановічы, алімпійскія чэмпіёны . Рабчанка з Ваўчэцкім складаюць ім годную канкурэнцыю. Пакуль на першынство Еўропы “адабраліся” браты Багдановічы. Што мучае, дык гэта байдарка-двойка на 1000 метраў. Гэта алімпійскі від, але вартага часу пакуль ніхто не паказвае".
Найбольш падрыхтаванымі апынуліся весляры Гомельшчыны. Там трэніруюцца каля 40% ад сямі з паловай тысяч беларускіх весляроў, кажа Чучкевіч. Сярод лепшых быў названы і Алег Юрэня, які ў Брэсце не выступаў, бо “праз тры хвіліны стартуе на этапе Кубка Свету ў Дуйсбургу”.
Ужо 13 чэрвеня зборная Беларусі едзе на чэмпіянат Еўропы ў Сербію. А ў жніўні на чэмпіянаце свету ў венгерскім Сігеце адбудзецца кваліфікацыя ў нацыянальную каманду на Алімпіяду 2012 года.
Спаборніцтвы ў Брэсце доўжыліся тры дні. Але заўзятараў на трыбунах было вобмаль — фактычна адны ўдзельнікі.