У Брэсце журналістку затрымлівалі за “палітычную агітацыю”
Журналістка Аліса Поль прыкладна апоўдні праводзіла вулічнае апытанне жыхароў абласнога цэнтра.
Яна цікавілася ў людзей, ці хапае ім на жыццё заробку, з улікам таго, што раней ён быў 500 долараў, а цяпер 250. Таксама карэспандэнтка пыталася, які заробак людзі хацелі б атрымліваць, паведамляе БелаПАН.
Прыкладна праз 40 хвілінаў пасля пачатку апытання да Алісы Поль падышлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі прайсці з імі ў апорны пункт. Яны сказалі, што па лініі 102 паступіў званок, нібыта на вуліцы праходзіць палітычная агітацыя.
Журналістку адпусцілі пасля праверкі дакументаў. Пры гэтым яе падрабязна распыталі пра вынікі вулічнай гутаркі з людзьмі.