У Гомелі з’явілася апазіцыйная кааліцыя “Наша альтэрнатыва”
У яе ўвайшлі прадстаўнікі “Маладога фронту”, грамадзянскіх кампаній “Плошча-2010” і “Еўрапейская Беларусь”, а таксама аргкамітэту руху “Разам”.
Як паведаміў БелаПАН адзін з удзельнікаў арганізацыйнага сходу кааліцыі Кастусь Жукоўскі, галоўная мэта гэтага новага ўтварэння — вяртанне Беларусі на дэмакратычны шлях развіцця. “Наша альтэрнатыва” мае таксама весці працу з насельніцтвам і выпрацоўваць праграмы рэформ. Найбліжэйшым часам сябры кааліцыі мяркуюць зладзіць мітынг супраць татальнага збяднення. Адпаведную заяўку на наступным тыдні пададуць мясцовым уладам.
Нагадаем, што ў Гомелі на сёння ўжо дзейнічаюць дзве апазіцыйныя кааліцыі — Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы і Саюз дэмакратычных арганізацыі. Цяпер да іх дадалася трэцяя. Усе яны імкнуцца пераадолець варожасць паміж палітычнымі партыямі і рухамі.