У Гродне на прэзентацыі "Архэ" затрымлівалі Валерку Булгакава
Спачатку адбылася кантрольная закупка друкаванай прадукцыі. Булгакаў выйшаў на сувязь толькі праз тры гадзіны.
Арыштаваныя ўсе кнігі і часопісы, прывезеныя са сталіцы. У памяшканне на Будзённага 48а на прэзентацыю прыйшлі некалькі падаткавікоў ды міліцыянтаў у цывільным. Яны зрабілі кантрольную закупку друкаванай прадукцыі, а ў канцы мерапрыемства прыйшлі і іх калегі, у якіх узніклі пытанні да галоўнага рэдактара часопіса "Архэ" Валеркі Булгакава. Яго затрымалі, паведамляе "Наша ніва".
Валерку Булгакава і яго кніжную прадукцыю звезлі ў Цэнтральную падатковую Гродна. Праз тры гадзіны пасля затрымання ён выйшаў на сувязь. Паводле яго словаў, былі канфіскаваныя амаль 200 асобнікаў розных выданняў. Цяпер Булгакава чакае суд.
Фота з сацыяльных сетак