Сацыёлаг Алег Манаеў правёў у пастарунку тры гадзіны
Яго затрымлівалі ў Мінску па дарозе на прэзентацыю вынікаў даследавання, паводле якога Лукашэнку давяраюць менш за 25% апытаных.
Пра затрыманне прафесара Еўрарадыё паведаміў Аляксандр Сасноў — калега Манаева. Ён толькі паспеў сказаць, што шукаюць наркотыкі і зброю. Пасля гэтага яго адвезлі ў невядомым кірунку.
Манаеў доўгія гады кіраваў зарэгістраваным у Літве Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. На днях НІСЭПД абнародаваў вынікі свайго вераснёўскага даследавання. Паводле яго, сёння за Лукашэнку гатовыя прагаласаваць толькі 20% выбаршчыкаў. Гэта самы нізкі рэйтынг кіраўніка краіны за ўсе часы яго прэзідэнцтва.
У чацвер Манаеў збіраўся правесці прэзентацыю даследавання ў польскай амбасадзе. У дыпламатычным прадстаўніцтве паведамілі Еўрарадыё, што па-ранейшаму гатовыя зладзіць гэтае мерапрыемства ў любы зручны для прафесара час.
Фота: bymedia.net