У Пінску зноў “лекуюць” асфальтам старадаўні брук (фота)
Пінскія дарожнікі зрабілі ямкавы рамонт на ўчастку дарогі, якая выкладзена старой польскай брукоўкай — трылінкай.
Гэту дарогу праклалі тры гады таму ў часе рэканструкцыі цэнтральнай плошчы горада. І, каб паказаць повязь стагоддзяў, выклалі трылінкай, знойдзенай пад слоем асфальту на плошчы.
Аднак тэхналогіі мінулага стагоддзя ніяк не даюцца пінскім дарожнікам: калі трэба залатаць ямкі на пакрыцці, яны проста заліваюць іх асфальтам.
Цікава, што ў 2009 годзе Еўрарадыё ўжо апісвала падобны выпадак у Пінску. Тады мясцовае кіраўніцтва аператыўна выправіла сваю памылку. Выглядае на тое, што гісторыя паўтараецца.
Трылінка — гэта бетонная шасцікутная брукаванка з украпінамі базальту і граніту. Яе вынайшаў у 30-ыя гады мінулага стагоддзя пінскі прадпрымальнік Трылінскі.