У Варшаве Абаму сустрэнуць маршам за вызваленне канопляў

Перакрытыя дарогі, зачыненыя паркінгі, перагароджаныя вуліцы і змена раскладу гарадскога транспарту – вось далёка не поўная карціна складанасцяў, якія чакаюць жыхароў Варшавы цягам некалькіх дзён. Амерыканскі прэзідэнт Барак Абама наведвае польскую сталіцу 27 і 28 траўня. 


Яшчэ напярэдадні яго прылёту на саміт у Варшаву прыбылі кіраўнікі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – Германіі, Італіі, Украіны і Літвы. Праўда іх прыезд не стаў прычынай асаблівых ускладненняў руху – агарадзілі толькі непасрэднае месца іх сустрэчы – ваколіцы Каралеўскага замка. Гэта толькі “кветачкі” ў параўнанні з Абамай. Яно і не дзіўна – амерыканскі прэзідэнт лічыцца самым ахоўваемым у свеце. Адзін ягоны самалёт чаго варты!


Абамаўскі Air Force One называюць лётаючым Белым домам. Гэты паветраны аб’ект адмыслова прыстасаваны, каб падчас атамнай атакі амерыканскі прэзідэнт мог працягваць выконваць свае функцыі. Дзякуючы спецыяльнай сістэме ніхто не можа падслухаць тое, што адбываецца на борце. Даўжыня адных толькі выкарыстаных электрычных кабеляў складае 380 кіламетраў. У самалёце знаходзіцца прэзідэнцкі кабінет, гардэроб, душ, канферэнц-зала і памяшканні для ахоўнікаў і персаналу. Увесь апартамент абслугоўваюць 85 тэлефонаў. Ёсць таксама і 2 кухні, якія адначасова могуць накарміць 100 асобаў.


Аўтамабіль Абамы выглядае не горш – гэта браніраваны кадылак, які ласкава называюць “бестыяй”. Кажуць, што “бестыю” не можа затрымаць нават падзенне метэарыту. Салон ізаляваны ад хімічнай, біялагічнай і радыяцыйнай атакі. Шыбы гэтага аўтамабіля – каля 5 сантыметраў таўшчынёй. А ў ягоных сценах схаваны запас крыві адпаведнай групы, якая пасуе амерыканскаму прэзідэнту. Праўда, днямі, калі Абама наведаў Ірландыю, браніраваная “бестыя” трапіла ў кур’ёзную сітуацыю. З-за высокага парогу на дарозе машына завісла ў паветры. Яшчэ і не гэта чакае амерыканскага прэзідэнта ў Польшчы, паціраюць рукі ягоныя непрыхільнікі.


Ходзяць чуткі, што ў радыусе 100 метраў ад таго месца, дзе праязджае Барак Абама, усім мінакам адключаюць мабільныя тэлефоны, каб ніхто не здолеў званком актываваць бомбу. Калі гэта праўда, то невядома, якім чынам будуць наладжваць сувязь са светам суседзі Абамы па гатэлі ў Варшаве. Амерыканскі прэзідэнт спыніцца ў адным з самых шыкоўных гатэляў – Марыёце. 


Дарэчы, Абама павінен быў завітаць у Польшчу яшчэ летась, але ягонаму прылёту перашкодзіў пыл ад ісландскага вулкану – Эйяф’ятлайокудля. Барак Абама стане сёмым прэзідэнтам ЗША, які наведае нашага ўсходняга суседа. Апошні раз амерыканскі прэзідэнт прылятаў у Польшчу 4 гады таму.


Увагу медыяў і грамадскасці ў дні візіту Абамы не маглі не выкарыстаць розныя грамадскія арганізацыі і ініцыятывы. У пятніцу і суботу у Варшаве адбудзецца больш за 10 дэманстрацый. Напрыклад, ініцыятыва “Стоп вайне” будзе патрабаваць спыніць вайну ў Афганістане і зачыніць турму ў Гуантанама. Адбудзецца таксама пікет у падтрымку грамадскага руху ў Іспаніі.


Будуць і менш палітычныя акцыі – напрыклад “марш маўчання” супраць брутальнасці паліцыі і зняволення за прыманне марыхуаны.


У суботу цэнтральнымі вуліцамі Варшавы да будынка Парламента пройдзе таксама “Марш вызвалення канопляў”, на які афіцыйна зарэгістравалася каля 2 тысяч чалавек. 


Праўда ў амерыканскага прэзідэнта наўрад ці будзе час, каб звярнуць увагу на пратэстуючых. У яго вельмі шчыльны графік. У пятніцу увечары Абама будзе ганаровым госцем на абедзе з прэзідэнтамі краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а ў суботу ў яго запланаваныя сустрэчы з польскім прэзідэнтам Браніславам Камароўскім, з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам, з кіраўнікамі палітычных партый, а таксама ўскладанне кветак пад “Смаленскай шыльдай” у памяць аб загінулых у аўтакатастрофе 11 красавіка 2010 года. 


Паколькі падчас самога візіту не чакаецца прыняцца ніякіх сур’ёзных рашэнняў, то больш за ўсё варшавяне напэўна спадзяюцца паціснуць руку Барака Абамы, якія звычайна надае гэтаму сімвалічнаму жэсту шмат увагі.

Фота: gettyimages.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі