У Жодзінскім СІЗА не прымаюць ежу для затрыманых 19 снежня

У Жодзінскім ізалятары сядзяць людзі, асуджаныя за ўдзел у акцыі 19 снежня. Штодня з 14:00 сябры і бацькі могуць перадаць неабходныя рэчы для зняволеных у будынку Жодзінскага РУУС па адрасе Сухаградская, 3. 22 снежня карэспандэнт Еўрарадыё наведаў Жодзіна, паразмаўляў з праваабаронцамі і сваякамі зняволеных.

Праваабаронцы сцвярджаюць, што сёлета ўмовы для асуджаных пратэстоўцаў больш жорсткія, чым у 2006 годзе. Таксама няма спісаў людзей, якія знаходзяцца за кратамі. Праз гэта людзі не могуць адшукаць сваіх сваякоў, кажа праваабаронца Святлана Лапіцкая.

Лапіцкая: “Тое, што няма спісаў, гэта ненармальна. Людзі не могуць даведацца, хто тут знаходзіцца. Людзі мусяць паўсюль шукаць, дзе іх сваякі. У 2006 годзе мы перадавалі ежу - цяпер ежа абмежаваная. Амаль нічога. Толькі мінеральная вада і сокі ў празрыстых пакунках”.

Праваабаронца дадае, што калі сярод зняволеных ёсць хворыя, то такія ўмовы ўтрымання пашкодзяць іх здароўю. Маўляў, яны ж не будуць адчыняць там дыетычныя сталовыя, кажа Святлана Лапіцкая.

Праваабаронцы напішуць скаргу наконт умоваў утрымання людзей, кажа Лапіцкая.

Трэба абавязкова складаць скаргу, наконт таго, што няма галоснасці. Усе звесткі закрытыя”.

Многія людзі едуць у Жодзінскае СІЗА з Мінску. Так, у маршрутцы карэспандэнт Еўрарадыё напаткаў маці аднаго з затрыманых 19 снежня. Свайго сына жанчына шукала два дні. Нарэшце ён адшукаўся ў Жодзінскім СІЗА, кажа яна:

Еду да свайго сына. Два дні я не магла даведацца, дзе ён. Дзякуючы спісам у інтэрнэце я ўжо яго асуджанага знайшла. Я не магла да яго дазваніцца, потым дазванілася. Сказаў, што яго затрымалі. Потым дазванілася ўжо пасля суда, -сказаў, што далі 15 сутак”.

Іншаму хлопцу пашанцавала больш - далі 6 сутак. Сябры прывезлі яму цёплыя рэчы і туалетныя прылады.

Я прыехала да свайго сябра Адама, які быў на плошчы 19 снежня ў Мінску. Ён трапіў сюды, як і ўсе астатнія свабодныя грамадзяне. Яму далі 6 сутак”, -- кажа сяброўка зняволенага.

Каля пункту, дзе можна перадаць неабходныя рэчы зняволеным, сабралося каля 40 чалавек. Перадаваць можна цёплыя рэчы, кнігі, часопісы, ваду, туалетныя прылады, цыгареты. Каб перадаць рэчы, людзі чакаюць на вуліцы.


Людзей запугваюць, кажа адна з жанчын, якая прыйшла наведаць сына і пляменніка. Сына ўжо паспелі адлічыць з радыётэхнічнага ўніверсітэта, кажа маці зняволенага Марына:

У мяне тут сын і пляменнік. Сын 1989 году, пляменнік 1992 году. Далі па 15 сутак кожнаму. Запугваюць людзей, канкрэтна запугваюць. І выстаўляюць іх нейкімі крымінальнікамі”.

На ўваходзе ў Жодзінскі РУУС ёсць спіс таго, што можна перадаць зняволеным. А таксама ўзор заявы, якая мусіць перадавацца з неабходнымі для зняволеных рэчамі.




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі