Муамар Кадафі мёртвы (абноўлена, шакуючыя фота і відэа)
Прэм’ер пераходнага ўраду Лівіі Махмуд Джыбрыль пацвярджае, што Кадафі забіты, паведамляе ВВС.
Такую заяву ён зрабіў на прэс-канферэнцыі ў Трыпалі. Тым часам тэлеканал “Аль-Джазіра” паведамляе, што цела палкоўніка перавезена ў Місрат і выстаўлена ў мячэці.
Зрынуты лівійскі лідар сканаў ад кулявых раненняў у галаву і жывот — такое заключэнне даў лекар, які агледзеў яго цела ў Місраце, паведамляе “Аль-Джазіра”.
Паводле розных звестак, Кадафі атрымаў раненні ў часе сутыкнення яго ахоўнікаў з прыхільнікамі Пераходнага нацыянальнага савета ў Сірце. Калі праціўнікі схапілі яго, палкоўнік быў яшчэ жывы.
Пасля захопу сіламі ПНС у жніўні сталіцы Лівіі Трыпалі пра лёс Муамара Кадафі дакладна нічога не было вядома. Перыядычна ён выступаў з аўдыёзваротамі праз размешчаны ў Сірыі спадарожнікавы канал “Ар-Рай”, заклікаючы сваіх прыхільнікаў супраціўляцца новым уладам і сілам НАТО.
Раней міністр інфармацыі Лівіі Махмуд Шамам заявіў журналістам, што дыктатар Муамар Кадафі атрымаў шматлікія раненні ў часе штурму Сірта і загінуў.
Такім чынам, каментар Шамама стаў першым афіцыйным пацверджаннем смерці палкоўніка. Раней пра яго гібель заяўлялі толькі прадстаўнікі Нацыянальнага пераходнага савета, а таксама камандзіры розных узроўняў, якія штурмавалі Сірт. Паводле міністра інфармацыі, цела Кадафі схаваюць “у сакрэтным месцы”.
Уплывовыя інфармагенцтвы ўжо распаўсюдзілі фотаздымакі і відэа, на якім бачны скрываўлены чалавек, сапраўды падобны да лідара джамахірыі.
Фота: reuters, afp