Вежа Нясвіжскага замка засталася без "цыбуліны"! (фота)

Усе працы па дэмантажы старога купала і ўсталёўцы новага праходзяць вельмі інтэнсіўна. Учора працы скончыліся апоўначы, сёння троху раней – перашкодзіў дождж. Прычына такога тэмпу – неймаверна дарагая арэнда пад’ёмнага крана, які здольны падняць на такую вышыню купал вагою 15 тон. Усталёўку новага купала павінны скончыць цягам суботы. Па-першае, каб адпусціць кран. Па-другое, у нядзелю праваслаўны Вялікдзень, і працаваць у гэты дзень лічыцца грэхам.

Замены вежы-цыбуліны неаднойчы патрабавалі гісторыкі і архітэктары. Пра гэта ў свой кожны прыезд у Беларусь кажа і 94-гадовая Эльжбета Радзівіл -- апошняя прадстаўніца роду, якая да вайны жыла ў замку.


Гэтыя здымкі, зробленыя сёння, перадаў Еўрарадыё Анатоль Бутэвіч – у нядаўнім мінулым міністр культуры Беларусі, а цяпер – старшыня Грамадскай камісіі па ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры. Можна сказаць, што замена вежы – у вялікай ступені заслуга спадара Анатоля. Бо ўсе нібыта пагадзіліся, што вежу трэба мяняць. Але ён метадычна настойваў, каб гэта было зроблена да адкрыцця замка. З яго ініцыятывы быў адкрыты разліковы рахунак, куды фізічныя і юрыдычныя асобы пералічалі сродкі на замену вежы.


Анатоль Бутэвіч: "Агулам было пералічана 1,5 мільярда. Я асабіста пералічыў 500 тысяч рублёў. Хачу падкрэсліць, што сума была сабраная за невялікі прамежак часу. І ў гэтым я бачу вялікую заслугу міністра культуры Паўла Латушкі, які асабіста звяртаўся на многія прадпрыемствы з просьбаю ахвяраваць грошы".


Нагадаем, памылковы купал-цыбуліна з'явіўся на замкавай вежы ў 2004 годзе. Аднаўляючы вежу пасля пажара, тагачасны кіраўнік рэстаўрацыі спадар Бачкоў зрабіў менавіта такое сканчэнне вежы, абапіраючыся на гравюру Макоўскага пачатку XVII стагоддзя. Аднак вежа-цыбуліна адразу зазнала небывалую хвалю крытыкі, бо астатні замак адноўлены на другую палову XVIII стагоддзя.

Гэты кран падыме на вежу новы купал вагою 15 тон. Фота Анатоля Бутэвіча

Мінулы раз вежа выглядала "безгаловай" у 2004 годзе -- перад усталяваннем "цыбуліны". Фота Анатоля Бутэвіча

Ад старога купала новаму дастаўся ў спадчыну флюгер з радзівілаўскім арлом. Фота Анатоля Бутэвіча

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі