Віктар Малішэўскі: "На выбарах усё вырашаюць нерашучыя"

Ад выбараў да выбараў настрой людзей, натуральна, змяняецца, мае свае "веснавыя абвастрэнні", зімовыя заняпады і іншыя індывідуальныя перыяды веры ў лепшы лёс. Але ў гэты раз паўстала рэкордная колькасць тых людзей, якія дагэтуль, паводле апытанняў як дзяржаўных, так і незалежных сацыёлагаў, не могуць вырашыць, за каго яны будуць галасаваць.
"Ёсць такая фраза, што на выбарах усё вырашаюць нерашучыя. Гэта значыць тыя людзі, якія прымаюць рашэнне ў кабінцы для галасавання. Гэта цікава, бо зараз палітыкі мусяць працаваць менавіта з імі, бо зараз усё залежыць ад таго, куды яны хіснуцца", - кажа вядомы блогер і журналіст Віктар Малішэўскі:
Колькі ж гэтых людзей? Паводле інфармацыі інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце, на 2 лістапада за Аляксандра Лукашэнку гатовыя прагаласаваць 67,8% грамадзян, рэйтынг апазіцыі - 1%, а тых, хто не вызначыўся - 31% - і гэта вельмі шмат, гэта трэць беларусаў.
Паводле даследвання незалежных сацыёлагаў НІСЭПД, за цяперашняга прэзідэнта гатовыя прагаласаваць 44%, а тых, хто дагэтуль вагаецца - 33%. Гэта на 10% менш за тых, хто збіраецца галасаваць за Лукашэнку. І гэта нашмат больш тых, хто збіраецца галасаваць за апазіцыю. Бо рэйтынг таго ж Някляева - 7,7%.
Віктар Малішэўскі: “Калі мы параўноўваем з 94 годам, тады колькасць тых, хто не вызначыўся, была 7-11 адсоткаў, не было нявызначанасці, за каго ім галасаваць, цяпер яна ёсць. А ў 2006 годзе тых, хто ня вызначыўся, было ў 2 разы менш, чым цяпер”. 
Лукашэнка'2010 праігрывае Лукашэнку'2006 13,6%, а Някляеў праігрывае Мілінкевічу роўна палову галасоў. Апазіцыя ў цэлым праігрывае каля 10%, улада - таксама.
“Здавалася, усё працавала вельмі добра: набліжаюцца выбары - павысіць заробак, даць студэнтам дадатковую пенсію і рэйтынг расце як на дражджах. А вось зараз гэта ўжо не працуе, людзі разумеюць, што гэта з'есца дэвальвацыяй, што адбудзецца пасля Новага Году", - упэўнены палітолаг Юры Чавусаў.
Такім чынам, людзі страцілі веру і ў Лукашэнку, і ў апазіцыю, яны шукаюць новых палітыкаў у апазіцыі, за каго яны хацелі б прагаласаваць, і не знаходзяць.
Віктар Малішэўскі: “Хутчэй за ўсё, гэтыя людзі абяруць таго, хто на іх думку, перамагае. То бок, калі апазіцыя пераканае іх у тым, што перамога будзе за імі, яны прагаласуюць за апазіцыю. Калі пераканае прэзідэнт - яны прагаласуюць за яго. Ці яны проста ня пойдуць на выбары.”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі