Вікторыя Азаранка можа зноў стаць першай ракеткай свету

Нагадаем, там Вікторыю Азаранку (2-ю ракетку свету) чакае амерыканка Серэна Уільямс (6-я ракетка свету). У іншым паўфінале сустрэнуцца Анжаліка Кербер з Нямеччыны (8-е месца ў рэйтынгу) і Агнешка Радваньска з Польшчы (3-я ракетка свету). Паядынкі пройдуць 5 ліпеня.

Паколькі першая ракетка свету Марыя Шарапава ўжо выбыла з барацьбы, то яна можа згубіць першы радок у рэйтынгу. А далей — матэматычныя падлікі. Шарапава за першыя чатыры этапы дадала да свайго рэйтынга 545 балаў і ў яе цяпер 10035 ачкоў. Вікторыя Азаранка ва Уімблдоне ўжо набрала 1045 ачкоў (545+500 за перамогу ў чвэрцьфінале) і цяпер у яе 9845 балаў. Але, у адрозненне ад Шарапавай, Азаранка працягвае гуляць на турніры. Калі яна выйграе ў паўфінале, то атрымае 900 ачкоў і гэтага хапае, каб абыйсці Шарапаву. Перамога ў фінале дае 2000 ачкоў (паражэнне ў фінале — 1400).

Канкурэнткай беларускі за барацьбу за першы радок у рэйтынгу з'яўляецца полька Агнешка Радваньска. У яе цяпер 8275 балаў (7230 ачкоў паводле апошняга рэйтынгу + 1045 ачкоў, ужо набраных на Уімблдоне). Аднак, калі Азаранка выйдзе ў фінал і там прайграе польскай тэнісістцы, гэта не перашкодзіць Вікторыі стаць першай ракеткай свету — набраных ачкоў будзе дастаткова (у Вікторыі — 12145, у Агнешкі — 11175).

Засталося самае цяжкае — выйграць у паядынку з Серэнай Уільямс. Дагэтуль Азаранка перамагала яе толькі аднойчы.

Адзначым, што беларуска ачольвала рэйтынг WTA 19 тыдняў запар — ад 30 студзеня да 11 чэрвеня 2012 года.

Фота Алеся Пілецкага, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі