Загінуў бас-гітарыст гурта Litvintroll Алег Клімчанка
Трагічнае здарэнне адбылося ў гомельскім Гарадскім цэнтры культуры, дзе праходзіў фэстываль "Масс Меdиум".
Паводле неафіцыйнай версіі, Алег Клімчанка загінуў ад удару электрычным токам. Яму было 35 гадоў.
Падрабязнасці трагічнага здарэння невядомыя (кажуць, што, нібыта, на сцэне выпадкова разлілася вада). Адразу пасля яго канцэрт быў спынены. Выратаваць Алега лекары не змаглі...
"Кажуць, што яго ўдарыла токам, калі ён уключаў гітару ў комбік, ― распавядае Еўрарадыё арганізатар канцэрта Павел Паўліхін. ― Але вы ж разумееце: гэта акустычны шнур, які там можа быць ток? Зараз цела знаходзіцца на судмедэкспертызе. Пакуль яна не скончыцца, я ніякіх версіяў вылучаць не магу. Так, музыкі казалі, што нешта білася токам. Але калі ўчора судмедэксперт аглядаў цела, ён слядоў удара токам не знайшоў, і сёння морг гэта пацвердзіў”.
Перад Litvintroll на сцэне знаходзіўся гурт "Йо-Йо". Яго вакаліст Віктар Гурын пра тое, што адбылося ў Гомелі, кажа вельмі асцярожна. Маўляў, "я не электрык", але...
"Напачатку канцэрта добра так каратнула. Калі я браў спіс песень, дакрануўся да нейкай панэлі, і мяне "шмарганула" мацней, чым звычайна. Але, калі падкарачвае, гэта звычайная справа на канцэртах. Такое часта бывае. Там было суха, і дыван ляжаў... Усё было ў парадку".
У Следчым камітэце Еўрарадыё паведамілі, што праверку па гэтым здарэнні праводзіць міліцыя.
Пахаванне Алега Клімчанкі прызначанае на 4 верасня.
Клімчанка таксама граў у складзе гуртоў Ossuary і Partyzone.
Еўрарадыё выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Алега Клімчанкі.
Фота — vk.com/litvintr0ll