Замест “Белорусы и рынок” размеркавалі ў “Советскую Белоруссию”

120427 Martin Razmerkavanne.mp3

Сотню студэнтаў з журфаку размяркоўваюць за 3,5 гадзіны. Каля кабінету, дзе засядае камісія выстройваецца чарга. Працуюць дынамічна: па тры хвіліны на студэнта.

“У мяне быў запыт з “Белгазеты”. Паглядзелі са шкадаваннем і сказалі “ах, чырвоны дыплом, як шкада. Ну ты ж сама ўсё разумееш”. І параілі ехаць у Каменец, бо туды едуць адразу два чалавекі. Будзе не сумна”, -  выпускніца журфаку Алена Васільева расчараваная.

У Каменец Алена не паедзе: узяла другі запыт з “1-ай кінавідэакампаніі”. Цяпер яна будзе займацца праектам... “Абмен жонкамі”. Кампанія прыватная, але камісія злітавалася – туды можна:

“Гэта рэаліці-шоў. Трэба сцэнарый пісаць, праводзіць здымкі”. Пашанцавала!

Працаваць на “Інтэрфаксе” не атрымоўваецца ў Наталлі Назаранкі. Дзяўчыну накіроўваюць на радыё ў Салігорск.

“Я нават не глядзела, куды там. Пакуль не збіраюся туды ехаць. У мяне быў запыт з “Інтэрфакса”. Я там два разы праходзіла практыку. Сказалі, што не могуць мяне туды адправіць. Прычыну не патлумачылі”, - расказвае Наталля.

На размеркаванне да журфакаўцаў заходзіць нават глаўрэд “Советской Белоруссии” Павел Якубовіч. І… абірае сабе супрацоўніка. Праўда, будучы супрацоўнік СБ Аляксей збіраўся пайсці на працу ў газету “Белорусы і рынок”.

“Размеркавалі ў друкаваны орган Адміністрацыі прэзідэнта. Раней я прыносіў запыт з недзяржаўнай газеты “Белорусы і рынок”. Адказалі, што трэба выканаць дзяржаўную замову”, - збянтэжаны Аляксей.


Павел Якубовіч выходзіць у калідор паразмаўляць са сваім новым падначаленым. Не знайшоўшы, перадае, каб хлопца адправілі адразу ў рэдакцыю.

Выпускніца Марыя з кабінета паказваецца ў слязах. Адпраўляюць рэдактарам на радыё ў Калінкавічы, на мяжу з чарнобыльскай зонай. Запыт з партала maxi.by на пасаду рэдактара не дапамагае. Не тая спецыяльнасць!

“Тры чалавекі параіліся за сталом: “рэдактарам інтэрнэт-рэсурса ты быць не можаш, будзеш рэдактарам радыё”. Ды ў нас на выпуску наогул няма спецыяльнасцяў, каб на інтэрнэт-рэсурсах працаваць. І нічога, усе ідуць куды захочуць”, - абураецца Маша.


І сапраўды, адну з выпускніц журфака размяркоўваюць на партал... oede.by. Такая, смачная журналістыка!

Юлю размеркавалі ў Буда-Кашалёўскую грамадска-палітычную газету “Авангард”. Дзяўчына вучылася па мэтавым запыце ад выдання пяць гадоў, але ў Буда-Кашалёва не паедзе. Бо хутка вяселле!

Юля: “Не буду адпрацоўваць. Спадзяюся выплаціць грошы, але мяне пужае сума. Бо ходзяць чуткі, што трэба будзе плаціць 60 мільёнаў”.


Сярод сотні выпускнікоў-бюджэтнікаў Еўрарадыё знайшло на журфаку толькі аднаго, які атрымаў свабодны дыплом. Дзяўчыне не хапіла дзяржаўных запытаў па месцы прапіскі мужа.

Фота: flikr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі