Заяўкі на матч БАТЭ - "Барселона" падалі амаль 220 журналістаў
Гэта абсалютны рэкорд для гульняў з удзелам барысаўскага клуба.
170 беларускіх і 47 іспанскіх журналістаў падалі заяўкі на акрэдытацыю на матч другога тура групавога этапу Лігі чэмпіёнаў УЕФА БАТЭ - "Барселона", паведаміў БелаПАН прэс-аташэ барысаўскага клуба Сяргей Дашкевіч. Ён заявіў, што такі наплыў назіраецца ўпершыню. Дагэтуль найбольшую цікавасць у СМІ выклікаў матч БАТЭ - "Зеніт" у групавым турніры ЛЧ-2008/2009. Тады прыехала вялікая колькасць расійскіх журналістаў. Зараз прэс-служба праводзіць адбор заявак, паколькі ложа прэсы на мінскім стадыёне "Дынама" можа змясціць толькі 100 чалавек. Яшчэ 22 месцы будуць абсталяваны пад ёй на сектары.
Нагадаем, што гульня БАТЭ – “Барселона” пройдзе ў Мінску 28 верасня.