ЗША вінавацяць Беларусь у пастаўках ваеннай тэхнікі рэжыму Асада
Мінфін ЗША ўвёў санкцыі супраць дзяржаўнага замежнагандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Белзнешпрамсэрвіс".
Беларускую кампанію вінавацяць у пастаўках запальнікаў для авіябомбаў. Пастаўкі ішлі праз сірыйскае ваеннае прадпрыемства Army Supply Bureau, паведамляе расійская інтэрнет-газета "Взгляд". Дарэчы, яшчэ ў 2004 годзе ЗША ўносілі беларускую кампанію ў "чорны спіс" за пастаўкі зброі ў Іран.
"Крокі, якія мы сёння распачалі, мусяць спыніць плынь зброі і сістэмаў сувязі кіруючаму рэжыму Сірыі, а таксама прадухіліць іх выкарыстанне супраць насельніцтва Сірыі", — заявіў намеснік міністра фінансаў ЗША па пытаннях барацьбы з тэрарызмам і фінансавай разведцы Дэвід Коэн.
Нагадаем, што канфлікт у Сірыі доўжыцца з сакавіка 2011 года. За гэты час, па звестках сірыйскіх уладаў, загінула каля 8 тысяч чалавек. Аднак па звестках ААН, ахвярамі сталі ўжо больш за 20 тысяч.
Фота — topwar.ru