Рок-гурты на “Каранацыі” могуць застацца без аркестра

Да галоўнай музычнай падзеі года засталося 12 дзён, але рокеры дагэтуль не пачалі рэпетаваць з аркестрам. Дырыжор Рыгор Сарока кажа, што ўвогуле можа адмовіцца ад удзелу ў канцэрце. Ноў-хаў сёлетняй “Рок-каранацыі” можа не адбыцца. Планавалася, што рокеры выступяць разам з маладзечанскім сімфанічным аркестрам. Але, як высветліла Еўрарадыё, у Маладзечне пакуль нават не чулі фанаграмы гуртоў. Музыкі ў паніцы: спяваць з аркестрам – не частая і не лёгкая з’ява ў беларускай рок-музыцы і рыхтавацца да яе трэба задоўга.

Як паведаміў адзін з арганізатараў імпрэзы Павел Кашырын, фанаграмы рокераў будуць перададзеныя дырыжору аркестра толькі заўтра, а рэпетыцыі пачнуцца не раней за дзень-два да “Каранацыі” або нават у дзень канцэрта.

Павал Кашырын: “Я ўсім канкрэтна сказаў: “Хлопцы, рэпетыцыі будуць альбо за два, альбо за адзін, альбо ў дзень канцэрта. Зараз гэта залежыць не ад мяне. Таму што дзеля гэтага існуе дырыжор, які будзе праслухоўваць фанаграмы, мы ў аўторак іх вязем у Маладзечна”. Я думаю, усё будзе нармальна”.

У сакратарыяце Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.Х. Агінскага пытанню пра падрыхтоўку да Рок-каранацыі і саму імпрэзу здзівіліся і спыталі, ці нічога мы не пераблыталі.

Тым не менш Еўрарадыё ўдалося паразмаўляць з Рыгорам Сарокам – дырыжорам сімфанічнага аркестра, якому належыць суправаджаць цырымонію ўручэння “рок-карон”, а таксама выканаць шэсць песень з беларускімі рок-гуртамі.

Спадар Сарока выказаўся супраць непрафесійнага падыходу да імпрэз любога кшталту і не выключыў свайго адмаўлення ва ўдзеле ў “Рок-каранацыі”.

Рыгор Сарока: “Па рок-фестывалі я так вам скажу: мы размаўлялі з Цыбіным (галоўны арганізатар — заўв. аўт.), маўляў так, я магу там узяць удзел, і я чакаў, што мне перададуць нейкія ноты і г.д. Нічога гэтага не было зроблена, Цыбін толькі заўтра прыязджае. Таму я не ведаю, які там мой удзел павінен быць?! Што я там павінен рабіць з сімфанічным аркестрам? Вось у чым пытанне”.

ЕРБ: Як вы ўвогуле ставіцеся да ідэі супрацоўніцтва класікі і рока?

Р.С: "Я станоўча стаўлюся да ўсяго, як кажуць, пазітыўнага, што ёсць у шоў-бізнесе, у эстрадзе, і гэта класна, і гэта добра, калі гэта прафесіянальна. І ў рок-музыцы таксама ёсць шмат добрага. Таму я гатовы быў узяць удзел. Але 25-26-га сакавіка адбудзецца справаздачны канцэрт Мінскай вобласці ў Палацы рэспублікі, і я завяршаю гэты канцэрт са сваім аркестрам. У мяне тут нагрузка: на падыходзе прэм’ера оперы “ Яўген Анегін”… Яны з гэтым рок-фестывалем мяне напаткалі ў гэткай загрузцы, не далі нотаў, нічога. Дык што я павінен там рабіць? Таму сёння я не ведаю, удзельнічаю я там ці не!"

ЕРБ: А ці ёсць такая верагоднасць, што вы папросту адмовіцеся супрацоўнічаць з “Рок-каранацыяй”?

Р.С.: "Так, я адмоўлюся. Разумееце, у мяне такі прафесійны аўтарытэт сур’ёзны ў краіне, майго сімфанічнага аркестра, майго маладога тэатра опернага. Зараз я зноў еду ў Францыю, запрошаны ў Талін і г.д. І я не магу лезці туды, дзе гэта будзе непрафесійна! Я павінен быў убачыць ноты, партытуру! Што я павінен іграць? Ці падабаецца мне гэта ці не? Я нічога не ведаю на сённяшні дзень. Таму магчыма, што я адмоўлюся заўтра ад удзелу. Тое, што фэст адбудзецца – гэта вядома адназначна, аднак мой удзел у ім – пад пытаннем…"

Сяргей Міхалок нібыта прадбачыў падобную сітуацыю, таму “Ляпісы” адразу адмовіліся ад выступу разам з аркестрам. Яўген Калмыкоў, прадзюсер гурта, спаслаўся на ляноту і адсутнасць неабходнасці ў падобным супрацоўніцтве.

Яўген Калмыкоў: “Міхалок ужо спяваў з аркестрам МУС у запісу альбома “Золотые яйца”, здаецца. Дастаткова. Ён лічыць, што не праспяваў сваю “лебядзіную” песню ў року. У тым, што “Ляпісы” не будуць спяваць з аркестрам няма аніякага развіцця. А няма развіцця, няма руху - навошта гэта тады?”

Такім чынам, заўтра можа здарыцца новы скандал вакол “Рок-каранацыі-2008”. Верагодна, што для гледачоў і музыкаў ўсё скончыцца як заўжды – барам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі