Беларусь прыме Еўрапейскія гульні-2019, спатрэбяцца дзясяткі мільёнаў долараў
21 кастрычніка ў Мінску падчас Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў было прынята рашэнне, што Беларусь прыме Другія Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе. Першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў распавёў пра фармат іх правядзення, а таксама пра гатоўнасць спартыўнай інфраструктуры, кошт правядзення і чым яны будуць адрознівацца ад першых гульняў у Баку, інфармуе партал tut.by.
Паводле слоў Рыжанкова, колькасць відаў спорту на Еўрапейскіх гульнях будзе такое, якое дазваляе правесці спартыўная інфраструктура нашай краіны без укладання сродкаў у будаўніцтва новых арэнаў і палацаў (у гэтай справе ўлічаць інтарэсы беларускага боку). Плануецца, што спартсмены будуць жыць у студэнцкай вёсцы. Арганізацыяй тэлетрансляцыі зоймецца створаны ў пятніцу пры Міжнародным алімпійскім камітэце тэлевізійны канал, які возьме на сябе выдаткі і гатовы падключыць "самыя сур'ёзныя рэсурсы", адзначае Максім Рыжанкоў.
Плануецца стварэнне агульнай маркетынгавай службы, якая будзе ствараць прадукт, брэнд і яго рэалізацыю для пакрыцця выдаткаў на правядзенне гульняў. Колькі Беларусь мусіць укласці ў арганізацыю і правядзенне Еўрапейскіх гульняў, Рыжанкоў сказаць не змог, паколькі калькуляцыя яшчэ не праводзілася. Паводле яго слоў, грошы спатрэбяцца "на навядзенне парадку ў гарадах, на адаптацыю спартыўных збудаванняў", на пытанні бяспекі, медсуправаджэння, харчавання і пражывання спартсменаў.
У той жа час, кажа Максім Рыжанкоў, правядзенне ў Беларусі другіх Еўрапейскіх гульняў запатрабуе сур'ёзнай мабілізацыі рэсурсаў Мінспорту, бюджэту сталіцы, краіны, Міністэрства аховы здароўя, МУС, памежнікаў і мытні. Першы віцэ-прэзідэнт НАК адзначыў, што "гэта будзе самая эканамічная Алімпіяда". Гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў.
Для гасцей гульняў плануецца ўвесці бязвізавы рэжым.