Сабакі раскопваюць магілы з загінулымі: як жыве акупаваны Марыупаль

Жанчына ідзе па вуліцы Марыупаля, 27 траўня 2022 года / Alexei Alexandrov / AP
Жанчына ідзе па вуліцы Марыупаля, 27 траўня 2022 года / Alexei Alexandrov / AP

Па падліках Марыупальскай гарадской рады, у горадзе цяпер жывуць каля 100 тысяч чалавек. Выехаць на падкантрольную Украіне тэрыторыю немагчыма: расійскія вайскоўцы іх не выпускаюць.

Акупацыйныя ўлады спрабуюць усталёўваць свае парадкі ў Марыупалі: адпраўляюць людзей на разбор завалаў, аднаўляюць вучобу ў школах, адкрываюць крамы. Але на вуліцах да гэтага часу застаюцца целы загінулых.

Як выжываюць тыя, хто застаўся ў зраненым Марыупалі, — у рэпартажы hromadske.

50 дзён цішыні

50 дзён Кацярына не ведала, што з яе бацькамі. Яны не паспелі выехаць з Марыупаля, пакуль гэта было бяспечна, а потым сувязь знікла. Жанчына ўвесь час праглядала прарасійскія тэлеграм-каналы, якія публікавалі відэа з марыупальцамі, і аднойчы ўбачыла сваю маму. Жывую. У чарзе па гуманітарную дапамогу. На відэа яна расказвала, што з ёй усё добра, што муж атрымаў аскепкавыя раненні ног, яго забралі ў лякарню на акупаваную тэрыторыю. Куды менавіта — жанчына не ведала, вайскоўцы "ДНР" не дазволілі ёй паехаць разам з мужам.

Кацярына адразу пачала правяраць інфармацыю. У адным з чатаў знайшла жанчыну, якая згадзілася з'ездзіць да яе айчыма ў данецкую лякарню. Па яе тэлефоне айчым пагутарыў з Кацярынай. Так яна даведалася, што ў канцы сакавіка ў кватэру яе бацькоў прыляцела. У айчыма было 8 аскепкавых раненняў.

Ён быў у тамбуры — і яго прыціснула браняванымі дзвярыма суседняй кватэры. Праз пяць дзён яго эвакуявалі ў шпіталь на акупаваную тэрыторыю. 

Каб вярнуцца ў Марыупаль, ён павінен быў прайсці фільтрацыю.

"Ён стаў у чаргу ў Данецку. Яму сказалі чакаць чатыры тыдні. Уявіце, чалавеку, які прыехаў без грошай, нават без чыстага адзення, у невядомым горадзе трэба было месяц чакаць фільтрацыі".

Мужчына рызыкнуў — вырашыў вяртацца ў горад без даведкі аб тым, што ў яго ўзялі адбіткі пальцаў. І яму ўдалося. Рэйсавым аўтобусам даехаў да Новаазоўска. А там Кацярына дыстанцыйна знайшла для айчыма таксі, заплаціла 2,5 тысячы грыўняў, і кіроўца давёз яго да Сартаны. Далей — амаль 20 кіламетраў — мужчына з аскепкавымі раненнямі ног ішоў пешшу. Калі вярнуўся дадому, стала ясна — з Марыупаля яны не выберуцца. Ногі саслаблі настолькі, што ён доўга не мог перасоўвацца нават па кватэры.

"Яны не могуць выехаць нават на тэрыторыю Расіі і далей у Еўропу. Таму што для гэтага трэба абавязкова прайсці фільтрацыю. Найбліжэйшыя пункты — у Дакучаеўску або ў Новаазоўску. У бок падкантрольнай Украіне тэрыторыі гуманітарныя калідоры ўжо даўно не адкрывалі", — з адчаем кажа Кацярына.

Собаки раскапывают могилы с погибшими: как живёт оккупированный Мариуполь
Расійскі салдат на тэрыторыі Марыупальскага порта, 27 траўня 2022 года / AP

Целы людзей дагэтуль не прыбралі з вуліц

Бацькі Кацярыны вымушаныя ўладкоўваць жыццё ў разбітым Марыупалі, на вуліцах якога ўсё яшчэ застаюцца непахаваныя целы. Больш за тое, сабакі пачынаюць раскопваць магілы і разносіць чалавечыя парэшткі. Смецце ад дамоў таксама не вывозяць. "Кватэра бацькоў ацалела. Але як там жыць... Уся мэбля разбітая дашчэнту, сцены разышліся, плітка ў ванным пакоі цалкам абсыпалася. Вокнаў і балконаў няма. Нібы ў падвале — сырасць і бетон. Яны ходзяць на дачу, там вараць ежу і грэюцца, таму што ў кватэры холадна".

Выбрацца за межы свайго раёна бацькі Кацярыны не могуць, таму што не прайшлі фільтрацыю. Унутры горада дзейнічае прапускная сістэма, а паміж мікрараёнамі ўсталяваныя блокпасты. "Яны сталі закладнікамі. Мама кажа: "Мы як у турме".

Гуманітарная дапамога — толькі па талонах, якія акупацыйныя ўлады выдаюць раз на месяц. Маме Кацярыны па прадукты даводзілася стаяць у чэргах па тры-чатыры дні. "Раней бацькі наогул адмаўляліся браць ад іх гуманітарку. Яны яе прывозілі, раздавалі, як сабакам, здымалі гэта на камеры і з'язджалі. Калі ежы не стала, давялося браць". Патрэбных для айчыма лекаў у Марыупалі таксама не знайсці. "Мама пайшла да мясцовых кіраўнікоў, таму што ў айчыма ногі сінія, яны пачалі гнаіцца. Яму далі дзве ампулы навакаіну і сказалі піць. Я змагла знайсці валанцёра, які прывёз бацьку лекі з Новаазоўска, — расказвае Кацярына. — Мама кажа, што ў горадзе больш няма вайскоўцаў "ДНР", што зайшлі расійскія вайскоўцы і кадыраўцы. Як ім сказалі, у Марыупалі народ непакорлівы, таму іх перадаюць кадыраўцам. Непакорлівыя, напэўна, таму, што ніхто не прыйшоў у Дзень перамогі".

Собаки раскапывают могилы с погибшими: как живёт оккупированный Мариуполь
Жанчына праязджае на ровары па разбураным Марыупалі, 25 траўня 2022 года / AP

"Зарадзіць тэлефон можна на базары ад генератара. За 20 грыўняў"

Бацькі і 16-гадовая сястра кіяўлянкі Анастасіі таксама застаюцца ў разбураным Марыупалі. "Спачатку яны не маглі пакінуць маіх дзвюх хворых бабуль. Адна з іх трапіла ў лякарню, і трэба было кожны дзень пад абстрэламі туды хадзіць, прыносіць ежу, мыць, даглядаць. А цяпер вырашылі заставацца. Ім здаецца, што жыццё ў горадзе пачынае наладжвацца. Яны не могуць пакінуць тры кватэры і пераехаць у невядомасць".

Пакуль былі актыўныя абстрэлы, яе сваякі са сваёй кватэры на пятым паверсе перабраліся да суседзяў на першы. Нядаўна яны вярнуліся дадому: усе вымылі, прыбралі разбітае шкло, усталявалі газавы балон, каб гатаваць не на вуліцы, а ў кватэры.

"Я пыталася ў мамы, ці ёсць у горадзе пах ад непахаваных цел. У іх раёне ён не адчуваецца, але там, дзе завалы не разабраныя, пах, вядома, ёсць". У некаторых раёнах Марыупаля, перадае дзяўчына, ужо з'явілася святло, а ў няшмат якія дамы на першыя паверхі пачала паступаць вада. У бацькоў Анастасіі гэтых "дабротаў цывілізацыі" яшчэ няма. Ваду ім прывозяць і раздаюць у пэўных пунктах, або тата набірае яе з калодзежа. Мыцца сям'я ходзіць у лазню.

"Мама расказвае, што ў горадзе адкрылі чатыры аптэкі. Пачалі працаваць крамы. Выглядае так, як быццам яны прадаюць прадукты са старых запасаў. Прымаюць і рублі, і грыўні. Людзі з навакольных вёсак прывозяць сёе-тое на базары. На адным невялікім базары стаяць людзі з генератарам. За 20-30 грыўняў можна зарадзіць тэлефон", — расказвае дзяўчына. 

"Як я камунікую з бацькамі? У іх ёсць картка "Фенікс", і ў іх суседкі, якая пераехала ў Безыменнае, дзе ёсць інтэрнэт, таксама ёсць гэтая картка. Мама тэлефануе па тэлефоне суседцы, а тая з іншага тэлефона набірае мяне на вайбер і ладзіць нам такі мост. Ёсць яшчэ праграма Yolla, усталяваўшы якую, можна тэлефанаваць на "Фенікс". Зрэшты, гэта вельмі дорага. 90 хвілін, якія яны прапануюць у тарыфе, каштавалі маёй сястры 500 грыўняў".

Собаки раскапывают могилы с погибшими: как живёт оккупированный Мариуполь
Жыхары Марыупаля стаяць у чарзе па ваду, якая пастаўляецца расіянамі, 27 траўня 2022 года
/ Alexei Alexandrov / AP

Пропуск у горад

Больш за месяц таму яе родныя ўсталі ў фільтрацыйную чаргу ў самім Марыупалі. Перад імі было больш за тры тысячы мясцовых жыхароў. Праз тыдзень чарга прасунулася на сто чалавек, і зусім хутка акупацыйныя ўлады яе адмянілі. Цяпер прайсці фільтрацыю можна толькі ў Мангушы, Дакучаеўску і іншых гарадах і пасёлках непадалёк ад Марыупаля. Бацькі Анастасіі пакуль яе не прайшлі.

"Фільтрацыя ва ўсіх па-рознаму праходзіць. Хтосьці тыднямі чакае сваёй чаргі ў полі, хтосьці некалькі дзён жыве ў машыне. А камусьці ўдаецца прайсці яе за некалькі гадзін". Цяпер бацькі наогул пазбягаюць фільтрацыі, каб бацьку не мабілізавалі ў расійскае войска. 

"У Марыупаль пачынаюць вяртацца людзі"

16-гадовая сястра Анастасіі днямі пайшла ў школу. Сёлета яна павінна скончыць 10-ы клас. "У іх было чатыры ўрокі па паўгадзіны. У асноўным паўтаралі раней вывучаны матэрыял. З гісторыі — перыяд Першай сусветнай вайны, СССР. Новага нічога не вывучалі. Сказалі, што чакаюць, калі прыйдуць падручнікі з Расіі".

Больш за ўсё Анастасія хоча забраць з Марыупаля сястру, каб яна скончыла ўкраінскую школу. Але бацькі адмаўляюцца з'язджаць і баяцца адпускаць дачку адну. "У Марыупаль пачынаюць вяртацца людзі, якія выехалі раней. У горадзе не страляюць, таму яны едуць у свае разбітыя кватэры. На бацькоў уплываюць іх расказы, гісторыі. Яны не хочуць пакідаць свой дом. Бо акупацыйныя ўлады ўжо пачалі засяляць у ацалелыя дамы людзей, у якіх разбурылі жыллё. Бацькі ўвесь час кажуць мне: "Дай нам час да першага жніўня". Маўляў, бліжэй да восені, пахаладае, тады яны вырашаць. Але я баюся, каб не было позна".

Собаки раскапывают могилы с погибшими: как живёт оккупированный Мариуполь
Мірныя жыхары на вуліцы Марыупаля, 27 траўня 2022 года / Alexei Alexandrov / AP

"Там пераконваюць, што марыупальцаў нідзе не чакаюць"

Марыупалец Ігар (мы змянілі імя мужчыны дзеля яго бяспекі) таксама не плануе выязджаць за межы свайго рэгіёна. 12 траўня ён пераехаў з Марыупаля ў Мялекіна, каб мець хоць нейкую сувязь з вонкавым светам. "Вы не ўяўляеце, якая ў Марыупалі прапаганда. Там сцвярджаюць, што горад нікому не патрэбны. Марыупальцаў нідзе не чакаюць. І адзіная іх дарога — выязджаць у Расію".

У Мялекіне Ігар правёў "ДНРаўскі" інтэрнэт і ўпершыню змог сказаць сваякам і калегам, што жывы. Даведаўся, што з яго працоўнай кніжкай і ці зможа ён працягнуць вучобу ва ўніверсітэце. "Бацькі пастаянна ездзяць у горад. Ідуць у камендатуру, становяцца ў чаргу, якая цягнецца тыднямі, атрымліваюць пропуск на машыну на сем дзён. Калі раптам я захачу з'ехаць куды-небудзь з імі, мне таксама трэба прыйсці ў камендатуру. Але пакуль не бачу для сябе сэнсу ехаць у Марыупаль. Не хачу, каб мяне мабілізавалі. Раней я працаваў у школе. Вяртацца туды не планую. Яны сказалі, што наша ўкраінская праграма нацыяналістычная. Дзеці будуць вучыцца і летам, а сярод прадметаў у іх будуць гісторыя Расіі, руская мова. Усе падручнікі павінны памяняць на расійскія. Наша суседка, першакласніца, стала хадзіць у школу. З ежы дзеці атрымліваюць гарбату, печыва, яблык, а бывае, што проста пакецік сухой "Мівіны".

Собаки раскапывают могилы с погибшими: как живёт оккупированный Мариуполь
Дзеці ідуць міма разбураных будынкаў у Марыупалі, 25 траўня 2022 года / AP

"Людзі працуюць за сухпаёк"

Горад аднаўляюць вельмі павольна, расказвае Ігар. Па вуліцах цячэ вада, таму што ў часе абстрэлаў былі пашкоджаныя трубы. Калі ж пачалі даваць электраэнергію, некалькі дамоў паўторна загарэліся праз кароткае замыканне.

"Усё, што яны спрабуюць зрабіць, гэта фікцыя, каб замыліць мясцовым вочы. Ім не стае людзей, якія будуць рамантаваць лініі электраперадачы, бо спецыялістаў трэба шукаць сярод тых, хто застаўся. Людзям абяцалі працу — 30 тысяч рублёў за прыборку горада, разборку завалаў дамоў, школ. Марыупальцы ідуць, працуюць. Але яшчэ ніхто гэтых грошай не атрымаў. Людзі працуюць за сухпаёк. У мясцовых няма грошай зусім, а гуманітарная дапамога, як сказалі, у гэтым месяцы будзе апошні раз".

Аднак у Марыупалі ёсць людзі, якім можна перавесці грошы на картку, а ў грыўнях або рублях атрымаць наяўныя. За паслугу бяруць 10-30% ад сумы пераводу. "На базарах і ў крамах пакуль прымаюць і грыўні, і рублі. Але больш выгадна разлічвацца ў рублях. Курс грыўні пачалі вельмі заніжаць. На стыхійныя базары прывозяць каўбасу, сыр "ДНРаўскай" або расійскай вытворчасці, гародніну, садавіну з Херсона, малочныя прадукты. Цэны на ўсё даволі высокія".

Таксама новыя акупацыйныя ўлады пачалі прапаноўваць мясцовым перапахаваць сваіх родных, якія загінулі ў часе ваенных дзеянняў. Праўда, спачатку трэба заплаціць 3-5 тысяч за тое, што цела адкапаюць, і дадаткова — за тое, што пахаваюць у новым месцы.

"Ці збіраюся я з'язджаць? Не. Чакаю контрнаступу і спадзяюся, што ён будзе зусім хутка. Абы не паўтарыўся сцэнар Бучы і не расстралялі тых, хто застаўся".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі